У ноч з 29 на 30 сакавіка — з Вялікай пятніцы на Вялікую суботу — у парафіі Божага Цела ў Мінску, дзе душпастырскае служэнне нясуць айцы кармэліты босыя, пройдзе «ноч канфесіяналаў».
У Вялікую пятніцу ў гэтай маладой сталічнай парафіі а 18-й гадзіне распачнецца набажэнства Крыжовага шляху, якое правядуць айцы кармэліты, а пасля яго заканчэння ў 19.00 адбудзецца Літургія Мукі Пана.
Пасля Літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт будзе перанесены ў сімвалічную Грабніцу Пана, пры якой усе ахвотныя змогуць узяць удзел у начным і дзённым чуванні, што будзе працягвацца ажно да Пасхальнай Вігіліі ў святую ноч.
На працягу ўсяго чування — увечары, уначы і ўдзень — ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту паяднання: святой споведзі.
У Вялікую суботу благаслаўленне страваў на велікодны стол будзе адбывацца кожныя паўгадзіны з 10.00 да 19.00, а ў 20.00 распачнецца Пасхальная Вігілія.
Набажэнствы ў нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана будуць праходзіць у 7.00 (рэзурэкцыя), у 9.00, у 12.00 і ў 19.00.
Айцы кармэліты босыя шчыра запрашаюць усіх ахвотных, а асабліва жыхароў Паўночнага пасёлка, што размешчаны ў раёне вуліц Ангарскай, Алтайскай, Герасіменкі і Несцерава, узяць удзел у «ночы канфесіяналаў» і іншых набажэнствах Пасхальнага Трыдуума ў касцёле па вуліцы Герасіменкі, 6/1.