23 сакавіка, напярэдадні Пальмовай нядзелі і Вялікага тыдня, у Гродне пройдзе Крыжовы шлях па вуліцах горада.
Сёлета гэтае велікапоснае набажэнства, адноўленае пасля выкліканага пандэміяй перапынку, будзе інсцэніраваным.
Крыжовы шлях распачнецца ў 18.00 у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя і завершыцца на ўзгорку каля найстарэйшага гродзенскага касцёла Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскі). Перад Крыжовым шляхам у катэдры адбудзецца святая Імша, пачатак якой у 17.30.
Арганізатары просяць удзельнікаў набажэнства ўзяць з сабой свечкі.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч запрашае да ўдзелу духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў парафій горада над Нёманам.