1–3 сакавiка ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах адбудуцца рэкалекцыі для сужонкаў, а таксама для духоўных і кансэкраваных асобаў ад руху «Сужэнскія Сустрэчы».
Арганізатары запрашаюць СУЖОНКАЎ:
- рознага ўзросту; як з сямейным стажам, так і маладых;
- католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і не практыкуючых веры;
- тых, якія маюць касцёльны шлюб і тых, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе;
- тых, якія перажываюць крызіс у адносiнах, і так званыя «моцныя сужэнствы»;
- тых, якія жадаюць радавацца сужэнскаму жыццю, працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, перажыць аднаўленне ўзаемных пачуццяў, паглыбіць сваё каханне ці нават адкрыць яго нанава.
Праграма рэкалекцый таксама прадугледжана для ДУХАВЕНСТВА І КАНСЭКРАВАНЫХ АСОБАЎ, якія хочуць развіваць свой дыялог і свае адносіны з Богам і іншымі людзьмі.
Практычныя веды, набытыя падчас рэкалекцый, удзельнікі змогуць самастойна выкарыстоўваць у сваёй штодзённасці, каб будаваць не толькі адносіны паміж сабою, але і з дзецьмі, роднымі, калегамі па працы, іншымі людзьмі і, канечне, з Богам.
Арганізацыйная інфармацыя
- Пачатак рэкалекцый у пятніцу 1 сакавiка ў 19.00.
- Заканчэнне рэкалекцый у нядзелю 3 сакавiка каля 15.00.
- Кожная пара атрымае асобны пакой.
- У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.
Адрас: Дом Святой Тройцы, г. Баранавічы, вул. Шаўчэнкі, 6
Запіс па тэлефоне:
- +375 (29) 225 39 57 (МТС)
Сайт руху: suvstrechi.by
Сведчанні ўдзельнікаў рэкалекцый:
Гэты цудоўны ўікэнд даў нам магчымасць падзяліцца адно з адным столькімі думкамі, паглыбіць адносіны і разуменне адзін аднаго ў спакойнай абстаноўцы, без канфліктаў. Пытанні як быццам спецыяльна для нас падабраныя, па кожным — такі паток думак і ўсведамленняў. Часам такіх думак, якія ў звычайным жыцці і прамаўляць ніякавата, а тут накшталт «дазволілі». Прыйшло большае прыняцце і давер да волі Божай, разуменне таго, што толькі Ён можа адрадзіць нашую любоў.
На гэтых рэкалекцый я адчуў спакой, прымірэнне. Пазітыўнае агульнае ўражанне. У адносінах з жонкай атрымалася зазірнуць далей (раней гэтага не хацелася), атрымаўся спакойны, без эмоцый дыялог. Дыялог — вельмі цікавая прылада. Дадому еду з пачуццём спакою, упэўненасці, адчування, што Бог падкажа як дзейнічаць.
У нас з мужам быў нялёгкі шлях да такіх адносін, якія маем сёння. У нас у парафіі штомесяц праходзяць сустрэчы для сем’яў, таму мы думалі што гэтыя рэкалекцыі нас не здзівяць. Але ўчора пасля абеду ад мужа даведалася шмат новага. Вяртаюся з добрымі пачуццямі і жаданнем падзяліцца з усімі знаёмымі тым, што мы тут перажылі.
Вельмі парадавала атмасфера бяспекі: ніхто не парушаў маёй асабістай прасторы. Лепш пазнаў сябе, больш раскрылася жонка. Адчуваю прыліў энергіі і жаданне быць больш адкрытым на блізкіх. Увогуле, атрымаў больш, чым чакаў. Мы ад’язджаем з пачуццём, што нашыя адносіны сталі мацнейшымі.