З 2 па 4 лютага ў Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску пройдуць рэкалекцыі для сужонкаў і духавенства.
Рэкалекцыі арганізуе рух «Сужэнскія сустрэчы», мэтай якіх з’яўляецца аднаўленне і паглыбленне сужэнскай любові і еднасці.
Арганізатары запрашаюць СУЖОНКАЎ:
- рознага ўзросту, як з сямейным стажам, так і маладых
- католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і не практыкуючых веры
- тых, якія маюць касцёльны шлюб і тых, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе
- тых, якія перажываюць крызіс у адносiнах, і так званыя «моцныя сужэнствы»
- тых, якія жадаюць радавацца сужэнскаму жыццю, працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, перажыць аднаўленне ўзаемных пачуццяў, паглыбіць сваё каханне ці нават адкрыць яго нанава
Рэкалекцыі праходзяць па ўнікальнай аўтарскай праграме.
Адносіны, нават самыя рамантычныя, патрабуюць пастаяннага клопату, без чаго можна згубіць эмацыйную сувязь, паразуменне, давер і цеплыню.
- Як клапаціцца пра адносіны ў штодзённасці, калі праца, абавязкі, гадаванне дзяцей і шмат іншых спраў запаўняе увесь час і ўсю прастору?
- Чым адрозніваецца клопат аб маладых адносінах у сужэнстве ад клопату пра сталыя шматгадовыя адносіны?
Для таго, каб знайсці адказ на гэтыя пытанні, сужонкам найперш патрэбны час адно для аднаго, каб сустрэцца з унутраным светам свайго мужа ці жонкі. Сустрэцца як асоба з асобай, а не як «праблема з прэтэнзіяй».
«Сужэнскія сустрэчы» прапануюць магчымасць такой трохдзённай сустрэчы з азнаямленнем з канкрэтнымі інструментамі і атрыманнем рэальных пладоў. Тое, што ўдзельнікі засвояць падчас рэкалекцый, можна будзе выкарыстоўваць самастойна ў штодзённым жыцці, каб клапаціцца пра свае адносіны.
Менавіта час і клопат пра сужэнскія адносіны дае вялікі плён у сужэнскім жыцці.
Праграма рэкалекцый таксама прадугледжана для ДУХАВЕНСТВА І КАНСЭКРАВАНЫХ АСОБ, якія хочуць развіваць свой дыялог і свае адносіны з Богам і іншымі людзьмі.
Арганізацыйная інфармацыя
Пачатак рэкалекцый у пятніцу 2 лютага ў 19.00.
Заканчэнне рэкалекцый у нядзелю 4 лютага каля 14.00.
Кожная пара атрымае асобны пакой.
У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і на працягу ўсёй праграмы.
Адрас: Пінск, вул. Леніна, 16.
Кантактны нумар для запісу: +375 (44) 783 14 74
Сайт руху: suvstrechi.by