Пошук

28.09.2023 13:47   grodnensis.by

7 кастрычніка а 11-й гадзіне ў парафіяльным касцёле святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне (Гродзенская дыяцэзія) адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі айца Віктара Занеўскага з Ордэна Пабожных Школ (піяраў) у першую гадавіну яго смерці.

Супольна памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa, які з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны быў першым піярам з тэрыторыі Беларусі, запрашаюць усіх ахвотных: духавенства, сясцёр законных, свецкіх вернікаў.

Айцец Віктар Занеўскі нарадзіўся 12 кастрычніка 1974 г. у Гродне.

У 18 гадоў уступіў у навіцыят Ордэна піяраў у Ловічы (Польшча). Праз год прынёс першыя манаскія абяцанні і пачаў філасофска-тэалагічную вучобу ў Тэалагічным інстытуце ксяндзоў місіянераў у Кракаве.

У 1999 г. прынёс у Ордэне піяраў вечныя абяцанні і прыняў дыяканскае пасвячэнне, а праз год прэзбітэрскае. Пачаў святарскае служэнне ў Шчучыне, затым служыў у Лідзе, дзе выконваў функцыю адміністратара новай парафіі і займаўся будаўніцтвам касцёла.

Да 2006 г. выконваў функцыю настаяцеля супольнасці піяраў у Лідзе і Шчучыне.

У 2007-2008 гг. быў катэхетам і душпастырам кракаўскай парафіі ў Ракавіцэ (Польшча).

У 2009 г. вярнуўся ў Беларусь, у новую парафію ў Чавусах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

У 2011-2012 гг. быў душпастырам кракаўскай парафіі ў Ракавіцэ, з 2013 г. — парафіі ў Болшэве, дзе служаць піяры. Застаўся ў памяці людзей душпастырам, які з разуменнем ставіўся да вернікаў, таксама быў таленавітым прапаведнікам. Хвароба сэрца была прычынай яго гатоўнасці да смерці і ўмення даць пра гэта сведчанне. Ён ахвотна падкрэсліваў, наколькі многім удзячны малітве парафіян у Болшэве, асабліва ружанцовых колаў.

Адышоў у вечнасць 3 кастрычніка 2022 г. у Гадзіну міласэрнасці ў шпіталі ў Вейхерове пасля цяжкай аперацыі, ва ўзросце 47 гадоў.

Пахаванне адбылося 11 кастрычніка 2022 г. у Шчучыне.

Абноўлена 28.09.2023 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця