З 8 па 10 верасня, непасрэдна перад сёлетнім фэстам Маці Божай Бялыніцкай, у Бялынічах, што на Магілёўшчыне, адбудзецца Саракагадзіннае набажэнства, узяць удзел у якім запрашаюць валанцёраў з усёй Беларусі.
Саракагадзіннае набажэнства мае вялікае духоўнае значэнне і з’яўляецца сапраўдным малітоўным скарбам супольнасці Касцёла. З даўніх часоў набажэнства было распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі і асабліва ў славутым санктуарыі Маці Божай у Бялынічах, дзе захоўвалася адна з самых шанаваных на нашых землях цудатворных ікон Найсвяцейшай Панны Марыі, каранаваная папскімі каронамі 20 верасня 1761 года.
Тэма сёлетняга Саракагадзіннга набажэнства ў Бялынічах: «Містычныя перажыванні Эўхарыстыі паводле Каталіны Рівас». Канферэнцыі правядзе ксёндз Вадзім Сурвіла, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат).
«Наша парафія зусім невялікая па колькасці вернікаў. Таму шчыра запрашаем усіх людзей добрай волі далучацца да нас і ўдзельнічаць у Саракагадзінным набажэнстве, падчас якога сорак гадзін запар будзе выстаўлены Езус Хрыстус у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Запрашаем вас адгукнуцца на нашую просьбу і быць духоўным валанцёрам падчас гэтага набажэнства. Калі хочам захаваць і ўмацаваць нашу хрысціянскую тоеснасць, то мы павінны зноў даверыць лёс нашага народа Марыі Каралеве Беларусі, адначасова просячы ў Бога прабачэння за ўчыненыя грахі і прабачаючы ўсе спазнаныя крыўды на працягу вякоў», — кажа пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка.
«Праз адарацыю Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце мы хочам выпрасіць у Бога патрэбную дапамогу ў развіцці нашай парафіі і Касцёла на Магілёўшчыне. Таму ўзнікла ідэя вярнуцца да першакрыніцы ўсіх ласкаў — да Езуса. Да Езуса, скрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, — дадае святар. —
Падчас гэтага набажэнства мы найперш хочам перапрасіць Бога за свае грахі і за грахі тых, хто ў іх не каецца. За грахі разбурэння святыні ў Бялынічах, за грахі святароў і супраць святароў, за грахі вернікаў і супраць вернікаў, за ўсе святатацтвы і знявагі Божага імені, а таксама за ўсе блюзнерствы супраць Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых».
- Саракагадзіннае набажэнства распачнецца 8 верасня святой Імшой у 18.30.
- Святая Імша ў суботу 9 верасня адбудзецца таксама ў 18.30.
- Набажэнства завершыцца ў нядзелю 10 верасня ўрачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой а 15-й гадзіне ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Ахвотных узяць удзел у Саракагадзінным набажэнстве ў Бялынічах просяць прайсці электронную рэгістрацыю ТУТ>>>
Пры электроннай рэгістрацыі можна выбраць зручныя для сябе гадзіны адарацыі, каб арганізатары мелі магчымасць падрыхтаваць адпаведныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў. Ёсць магчымасць начлегу ў Бялынічах.