Пошук

25.01.2023 10:19   Паводле: Samaranin.by / Catholic.by

У суботу 11 лютага, у Сусветны дзень хворага, у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбудзецца адмысловая цэлебрацы святой Імшы з удзяленнем пажылым і нямоглым сакрамэнту хворых.

Сусветны дзень хворага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай Люрдскай, па ініцыятыве святога Яна Паўла ІІ. Гэты дзень нагадвае пра абавязак належнай апекі над хворымі, пра ўсведамленне каштоўнасці цярпення хворых у чалавечым і духоўным вымярэнні. Вернік, сілы якога значна аслаблі па прычыне хваробы або старасці і якому з-за гэтага пагражае смерць, можа прыняць сакрамэнт намашчэння хворых. Кожны, хто годна яго прымае, атрымлівае спакой, узмацненне і мужнасць, каб па-хрысціянску прымаць цярпенні і хваробы.

Пачатак Імшы а 12-й гадзіне. Пасля цэлебрацыі ў Цэнтры адбудзецца музычная праграма і пачастунак.

Тэма сёлетняга паслання Святога Айца Папы Францішка на 31-ы Сусветны дзень хворага — «Паклапаціся пра яго. Спачуванне як сінадальнае практыкаванне аздараўлення». Пантыфік заклікае ставіць хворых у цэнтр увагі, каб па-сапраўднаму быць супольнасцю, якая ідзе разам. Ён заахвочвае наследаваць прыклад Добрага Самараніна, які злітаваўся над збітым і абрабаваным чалавекам, што ляжаў на ўзбочыне дарогі, не прайшоў міма, а дапамог яму.

Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску дзейнічае пры Місіі Добрага Самараніна, галоўнай задачай супрацоўнікаў якой з’яўляецца дапамагаць і быць побач з тымі, хто пакутуе, чакае дапамогі і падтрымкі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.