Пошук

17.01.2023 13:00   Catholic.by

У суботу 21 студзеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў пройдзе экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.

Малітву ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пачатак у 19.15.

Экуменічнаму набажэнству ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будзе папярэднічаць святая Імша ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў, якая распачнецца ў 18.30.

Прамая трансляцыя святой Імшы і экуменічнага набажэнства будзе весціся на партале Catholic.by.

Традыцыйна Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў праходзіць ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня. Тэмай сёлетняга экуменічнага тыдня сталі словы з кнігі прарока Ісаі: «Рабіце дабро, шукайце справядлівасці» (Іс 1, 17).

Выбар тэмы для Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў на 2023 год і падрыхтоўку матэрыялаў ажыццявіла група хрысціянаў са Злучаных Штатаў Амерыкі, скліканая Радай Цэркваў Мінэсоты і зацверджаная Сусветнай радай Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Члены рэдакцыйнай групы з Мінэсоты спадзяюцца, што іх асабісты досвед паслужыць сведчаннем пра пераадоленне прадузятасці і супрацоўніцтва вельмі розных супольнасцяў.

Падрыхтаваныя матэрыялы адлюстроўваюць моцнае жаданне, каб мы як хрысціяне ажыццяўлялі Божы дар адзінства, выкаранялі падзелы, якія перашкаджаюць нам зразумець і пазнаць той факт, што ўсе мы належым Хрысту.

Сімвал ракі (вады) мае вялікае культурнае значэнне для жыхароў Мінэсоты. Рака і вада сімвалізавалі адначасова жыццё і смерць — генацыд — у розныя моманты гісторыі насельніцтва гэтага рэгіёну.

Вада мае таксама тэалагічнае і літургічнае значэнне. Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў у Паўночным паўшар’і адзначаецца ў студзені, неўзабаве пасля таго, як у многіх традыцыях згадваецца Хрост Пана.

Сімвалічнае і тэалагічнае значэнне мае таксама камень. Кінуты ў кагосьці, ён можа забіць, але яго таксама выкарыстоўваюць для пазначэння нейкага важнага месца, для ўвекавечвання пэўнай падзеі або для будоўлі. Мы самі з’яўляемся жывымі камянямі, які складаюць духоўны дом — Касцёл (пар. 1 П 2, 4).

Сувязь паміж каменем і вадою ў карэнных жыхароў Мінэсоты датычыцца каштоўнасці жыцця. Вада — гэта жыццё, а камяні сімвалізуюць святасць зямлі, па якой прайшло шмат пакаленняў. Падчас набажэнства будуць выкарыстаныя два гэтыя сімвалы: вада, якая азначае наш хрост, і камень, які звязаны з нашай гісторыяй.

Абноўлена 21.01.2023 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.