Пошук

08.12.2022 10:55   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

9 снежня ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбудзецца цырымонія перадачы і перапахавання ў новазбудаваным касцёле святога Казіміра парэшткаў Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, дамініканіна.

У сярэдзіне XVII стагоддзя айцец Фабіян Малішоўскі ОР быў прыёрам дамініканскага кляштара ў Стоўбцах. Менавіта пры ім у горадзе быў пабудаваны мураваны касцёл святога Казіміра. Айцец Фабіян памёр у меркаванай святасці і быў пахаваны ў крыпце пабудаванай ім святыні. Як сведчаць гістарычныя дакументы, на месцы пахавання манаха адбываліся цуды, што давала падставы для распачацця яго беатыфікацыйнага працэсу.

Нядаўна намаганнямі пробашча парафіі святога Казіміра ксяндза каноніка Ігара Лашука, дэкана Стаўпецкага, парэшткі айца Фабіяна Малішоўскага былі адшуканыя ў Стоўбцах на месцы, дзе калісьці ўзносіўся касцёл святога Казіміра, зруйнаваны ў савецкія часы.

Мясцовыя вернікі на чале са сваім пробашчам клапоцяцца пра ўшанаванне памяці айца Фабіяна і прыкладаюць намаганні для таго, каб яго беатыфікацыя калісьці стала магчымай.

9 снежня ідэнтыфікаваныя кампетэнтнымі спецыялістамі парэшткі будуць перададзены прадстаўнікамі Следчага камітэту парафіі святога Казіміра для іх перапахавання ў касцёле.

Ва ўрачыстай цырымоніі возьмуць удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, біскупы, святары і афіцыйныя асобы, у тым ліку старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандр Турчын і іншыя прадстаўнікі дзяржаўнай і мясцовай улады.

Пачатак а 12-й гадзіне.

Касцёл святога Казіміра ў г. Стоўбцы знаходзіцца па адрасе: вул. Ленінская 72.

Абноўлена 08.12.2022 10:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа