У нядзелю 20 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, свой першы візіт у Магілёў здзейсніць Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне ўпершыню наведаў Магілёўшчыну ў верасні мінулага года, калі ўзяў удзел у агульнабеларускіх урачыстасцях, якія праходзілі ў Бялынічах з нагоды 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі і 30-годдзя адраджэння касцёльных структур у Беларусі.
Гэтым разам ватыканскі дыпламат наведае першую біскупскую сталіцу на тэрыторыі сучаснай Беларусі, што калісьці была цэнтрам самай вялікай па плошчы дыяцэзіі ў гісторыі Каталіцкага Касцёла.
А 11-й гадзіне нунцый Ёзіч узначаліць цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.
Нядаўна ўлады перадалі гэтую гістарычную святыню ў бязвыплатнае карыстанне магілёўскім католікам, якія дагэтуль павінны былі плаціць штомесячную арэндную плату.
Адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB сардэчна запрашае ўсіх вернікаў Магілёўшчыны далучыцца да супольнай малітвы разам з Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам і ў духоўнай еднасці са Святым Айцом.
Візіт папскага прадстаўніка ў горад на Дняпры пройдзе на фоне 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам, што адзначалася 11 лістапада.