14–15 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат) aдзначаць 100-годдзе з часу вяртання славутага ласкамі абраза Багародзіцы.
Са жніўня ў Гродзенскай дыяцэзіі праходзіла духоўная падрыхтоўка да святкавання юбілею.
Як паведамляе Grodnensis.by, больш за 330 гадоў шматлікія вернікі узносяць свае малітвы і падзякі перад невялікай выявай Маці Божай, вядомай пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных.
Як даўней, так і ў наш час па шчырых малітвах Суцяшальніца засмучаных выслухоўвае сваіх зямных дзяцей і дапамагае ім у розных патрэбах.
«Прагну, каб людзі, якія просяць Майго Сына аб дапамозе ў жыцці, атрымалі яе перад Маім абразом», — такі наказ ад Маці Божай атрымаў Мікалай Песляк, якому быў падаравана цудадзейная ікона. Перад гэтай выявай Марыі няспынна ўзносяцца малітвы аб аздараўленні, выратаванні жыцця, вызваленні ад дрэнных звычак, выпраўленні жыццёвых памылак.
«Калі пойдзеш за Мной, пакажу табе годнае месца, якое сабе выбрала. Тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі Маім людзям, якія будуць да Мяне маліцца», — абяцала Панна Марыя Мікалаю Песляку ў 1691 годзе. Ён старанна выканаў наказ і пабудаваў першую святыню, дзе быў змешчаны абраз. Гэтае месца знаходзілася ў бары, паміж дзвюх елачак, але неўзабаве вакол крыжа і капліцы пабудавалася цэлае паселішча, якое пазней стала мястэчкам. Некалькі разоў абраз пакідаў святыню і Баруны, але Маці Божая заўсёды вярталася ў гэтае месца, якое сама выбрала.
Апошняе вяртанне абраза ў Баруны мела месца 15 кастрычніка 1922 года.
Ікона вярнулася сюды дзякуючы намаганням тагачаснага барунскага пробашча ксяндза Юліяна Бароўкі. З тых часоў абраз зноў прыцягвае ў мясцовую святыню тысячы вернікаў.
Праграма ўрачыстасцяў
- 14 кастрычніка, пятніца
- 20.00 – адарацыя перад абразом (праводзіць малітоўная група «Маці ў малітве»)
- 21.00 – Марыйны апэль і працэсія са свечкамі
- 22.00 – святая Імша (цэлебрацыю ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі)
- 15 кастрычніка, суботa
- 9.00 – святая Імша (цэлебрацыю ўзначаліць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB)
- 10.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
- 11.00 – Ружанец (праводзяць ружанцовыя групы)
- 12.00 – благаслаўленне сакрыстыйнага звона, фундаванага з нагоды 100-годдзя вяртання абраза ў санктуарый;
- Святая Імша (цэлебрацыю ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч)
Да ўдзелу ва ўрачыстасцях, каб супольна падзякаваць Богу за юбілей і прасіць аб далейшых ласках праз заступніцтва Марыі ў Яе барунскай выяве, сардэчна запрашаюць усіх ксёндз Павел Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя і пробашч барунскай парафіі, разам з мясцовымі вернікамі.