13 жніўня ў Барунах (Ашмянскі дэканат, Гродзенскаядыяцэзія) распачалася духоўная падрыхтоўка ў межах святкавання юбілею 100-годдзя вяртання славутага ласкамі барунскага абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.
Як адзначаецца на партале Grodnensis.by, у далёкім 1922 годзе адбылася падзея, якая ўсхвалявала і моцна ўсцешыла вернікаў: пасля працяглай вымушанай вандроўкі, якая доўжылася больш за 80 гадоў, у барунскі касцёл вярнуўся цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.
Святыня ў Барунах сёння мае статус дыяцэзіяльнага санктуарыя, здаўна з’яўляецца месцам пілігрымак і адным з цэнтраў культу Найсвяцейшай Панны Марыі ў Беларусі.
З нагоды юбілею 100-годдзя вяртання славутага ласкамі абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных 13 жніўня ў парафіі распачалася духоўная падрыхтоўка да галоўнай урачыстасці, якая адбудзецца 15 кастрычніка.
На пачатку навэнны, якая будзе працягвацца дзевяць субот, санктуарый наведалі пілігрымы з Сапоцкінскага дэканату. Перад абразом Маці Божай святую Імшу для пілігрымаў, якія прыбылі ў Баруны, і ўсіх прысутных цэлебравалі ксяндзы дэканы Ян Пузына і Антоні Абухоўскі, а таксама ксёндз Павел Гедройць і ксёндз Казімір Янджэйчак ОМІ.
Усе ахвотныя мелі магчымасць прыступіць да споведзі і прыняць святую Камунію, а таксама, згодна са звычаем, набраць вады з крыніцы, якая цячэ ў крыпце касцёла. Зусім нядаўна крыпта з крыніцай была адноўлена і нанава абсталявана намаганнямі клапатлівага пробашча ксяндза Паўла Паўлюкевіча пры падтрымцы мясцовых парафіянаў.
Кожны з вернікаў ля ног Найсвяцейшай Маці мог звярнуўся да Яе, шукаючы суцяшэння ў сваіх цярпеннях і клопатах, просячы заступніцтва ў розных цяжкіх справах, узносячы падзяку за атрыманыя ласкі і дары. Чалавек часта жыве ў смутку, але той смутак, які ўкрадаецца ў сэрца, Бог перамяняе ў радасць.
«Шукайце суцяшэння ў Пана Бога праз заступніцтва Той, якая прынесла суцяшэнне ўсяму свету — Пана Езуса, і гэтае суцяшэнне нясіце сваім блізкім», — сказаў у гаміліі ксёндз Ян Пузына.
Паводле гістарычных звестак, выява Маці Божай з’явілася ў Барунах у 1691 годзе дзякуючы Мікалаю Песляку, які атрымаў абраз у спадчыну ад айца Язафата Бражыца, уніяцкага святара з ордэну базыліянаў. У 1692 годзе намаганнямі Мікалая Песляка быў пабудаваны драўляны касцёл, пазней яго змяніў мураваны. Апеку над абразом і пілігрымамі ажыццяўлялі айцы базыліяне з Вільні. З таго часу культ Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных развіваўся ўсё больш. Марыя нястомна прасіла для тых, хто Яе ўшаноўваў, жаданыя ласкі: аздараўлення, навяртанні, вызваленні ад залежнасцяў, ад апантанасці, выратавання ў сітуацыях, якія пагражалі жыццю і здароўю.
У 1839 годзе, прадбачачы роспуск ордэну і закрыццё кляштара, базыліяне перадалі абраз Маці Божай сям’і Важынскіх з Алян, а ў касцёле змясцілі яго дакладную копію. Абраз разам са сваімі апекунамі гасціў у Кракаве, Закапанэ, Вільні. Толькі 15 кастрычніка 1922 года абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных вярнуўся дадому і быў змешчаны на ранейшым месцы, у левай бочнай наве барунскага касцёла, дзе знаходзіцца і цяпер.
Сёлетні юбілей — гэта цудоўная нагода да аднаўлення і паглыблення культу Найсвяцейшай Маці ў гэтай славутай ласкамі выяве. Удзел у распачатай 13 жніўня навэнне можна ўзяць па ўстаноўленай праграме і прыватна.
Праграма падрыхтоўкі ў дэканатах Гродзенскай дыяцэзіі
- 20 жніўня — Бераставіца, Ваўкавыск, Масты
- 27 жніўня — Шчучын
- 3 верасня — Ліда
- 10 верасня — Навагрудак, Дзятлава, Слонім
- 17 верасня — Іўе, Радунь
- 24 верасня — Смаргонь
- 1 кастрычніка — Астравец
- 8 кастрычніка — Ашмяны
Кульмінацыяй святкавання юбілею 100-годдзя вяртання ў Баруны абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных стане ўрачыстасць у Барунскім дыяцэзіяльным санктуарыі, якая адбудзецца 15 кастрычніка.
Пачатак а 12-й гадзіне.