Пошук

06.10.2022 15:49   Catholic.by

У суботу 22 кастрычніка Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч ускладзе палій Мітрапаліта на арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага.

Арцыбіскуп Станеўскі артымаў палій з рук Папы Францішка ў Рыме 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. З 2015 года Папа больш не накладае паліі новым арцыбіскупам Мітрапалітам, як гэта адбывалася раней. Згодна з рашэннем Святога Айца, гэты абрад здзяйсняюць Апостальскія нунцыі ў дыяцэзіях, дзе служаць новапрызначаныя іерархі. У Рыме Пантыфік толькі ўручае ім гэты атрыбут літургічнага адзення Мітрапаліта.

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч ускладзе палій на арцыбіскупа Станеўскага ў дзень літургічнага ўспаміну святога Яна Паўла ІІ, напярэдадні першай гадавіны з дня яго кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Абрад урачыстага накладання палія адбудзецца падчас святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. Духоўна далучыцца да супольнай малітвы можна з дапамогай прамой трансляцыі на Catholic.by.

Пачатак у 12.00.

Палій — гэта белая баваўняная стужка ў форме каўнера з двума языкамі — спераду і ззаду, — на якой вышыта шэсць чорных крыжоў. Гэта сімвал еднасці з Рымскім Касцёлам і пастырскага клопату Мітрапаліта у пэўнай касцёльнай правінцыі.

Гэты палій Мітрапаліт можа ўжываць у любым касцёле сваёй касцёльнай правінцыі, але ніколі па-за яе межамі, нават са згоды дыяцэзіяльнага біскупа. Калі так станецца, што Мітрапаліт будзе пераведзены на іншую мітрапалітальную катэдру, ён павінен атрымаць новы палій.

Абноўлена 22.10.2022 08:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.