30 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) у другі раз пройдуць спаборніцтвы па аматарскім рыбалоўстве «Тракельскі спінінг».
Сёлета ўдзел у мерапрыемстве возьме арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы перад пачаткам лову рыбы.
Удзельнікам спаборніцтваў можа стаць кожны, хто любіць праводзіць вольны час з вудай ці спінінгам, а таксама проста назіраць за гэтым працэсам.
Пераможцы вызначаюцца ў некалькіх намінацыях, сярод якіх:
- самы буйны ўлоў па вазе
- самы юны рыбалоў-аматар
- самы буйны ўлоў (адзінкавы экзэмпляр)
- самы вялікі ўлоў (у адзінках рыб)
- і іншыя.
Спаборніцтвы распачнуцца апоўдні (каля 12-й гадзіны) пасля агляду камісіяй рыбалоўных снасцяў; падлік улову запланаваны а 15-й гадзіне.
Як адзначаюць арганізатары, «Тракельскі спінінг» — гэта выдатная магчымасць адпачыць на прыродзе ў Марыйным садзе, бо акрамя спаборніцтваў будзе арганізавана культурна-забаўляльная праграма, а таксама дэгустацыя юшкі.
Кусташ санктуарыя ксёндз канонік Юрый Бяганскі сардэчна запрашае прыняць удзел у спаборніцтвах па аматарскім рыбалоўстве.
Праграма
- 10.30 — рэгістрацыя ўдзельнікаў
- 11.00 — святая Імша; цэлебрацыю ўзначаліць арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч
- 12.00–15.00 — спаборніцтва аматараў рыбнай лоўлі (на азёрах Марыйнага саду)
- 15.00 — падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў
- 15.30 — прыгатаванне і дэгустацыя юшкі; благаслаўленне прысутных