Пошук

13.07.2022 12:03   Фота: muzmajsternia.by / Catholic.by
Фота: muzmajsternia.by

З 27 па 31 ліпеня ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) пройдзе «Музычная Майстэрня» для ўсіх, хто жадае адкрыць прыгажосць Бога праз музыку, Літургію і супольнасць.

Удзельнікаў чакаюць харавыя заняткі, майстар-класы, канферэнцыі, канцэрты і малітоўныя вечары, магчымасць засяродзіцца ў цішыні старога францішканскага кляштара і сустрэча з аднадумцамі. Усё гэта ў супрацоўніцтве з маладой прафесійнай камандай музыкаў і выкладчыкаў, якія жадаюць падзяліцца сваімі ведамі і досведам з удзельнікамі і паказаць, што музыка, тэатр, дызайн — гэта таксама  прастора сустрэчы з Богам.

Некаторыя называюць івянецкую «Майстэрню» «галоўнай музычнай падзеяй лета» з увагі на колькасць канцэртаў, майстар-класы ад дасведчаных музыкаў і магчымасць адчуць сябе часткай спантанна створанага шматасабовага хору. Іншыя жартуюць, што, маўляў, «ніхто ў свеце так не рыхтуецца да святой Імшы, як удзельнікі „Майстэрні“», бо прысвячаюць штодня некалькі гадзін на падрыхтоўку яе музычнага суправаджэння.

За дзевятнаццаць гадоў свайго існавання «Музычная майстэрня» моцна паўплывала на беларускі Касцёл.

Яна была крыніцай натхнення і грунтоўнага падыходу да касцёльнага спеву, дапамагла многім парафіяльным супольнасцям адкрыць новы погляд на эстэтыку Літургіі, стала месцам фармацыі і падрыхтоўкі хрысціянскіх музыкаў Беларусі.

«Музычная майстэрня» — гэта перадусім інтэнсіўная і захапляльная праца, таму арганізатары запрашаюць да ўдзелу тых, хто сапраўды зацікаўлены ў якасным праслаўленні Бога спевам і ў развіцці сваіх музычных талентаў. Досвед супольнага спеву ў хоры ці музычных гуртах не абавязковы, але вітаецца.

Умовы ўдзелу

  • узрост удзельнікаў — ад 15-і гадоў (для непаўналетніх неабходныя пісьмовы дазвол бацькоў і паўналетні апякун);
  • з сабой удзельнікам неабходна мець спальнік і турыстычны дыванок, па магчымасці — уласны намёт;
  • кошт удзелу — 50 руб. (пакет удзельніка + штодзённае трохразовае харчаванне);
  • для ўдзельнікаў прадугледжана гарачае харчаванне на працягу дня і душ;
  • просьба мець з сабой спеўнікі, нататнікі і музычныя інструменты;
  • прыбыццё і рэгістрацыя — 27 ліпеня з 12.00 да 16.00

Удзельнікі  «Музычнай Майстэрні» падзеляцца яе плёнам на вялікім фінальным канцэрце, які адбудзецца 30 ліпеня ў 21.00.

  • Электронная рэгістрацыя дзейнічае да 17 ліпеня ТУТ>>>

Сачыць за «Музычнай Майстэрняй» у інтэрнэце можна

Абноўлена 13.07.2022 12:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.