Пошук

06.07.2022 14:14   Catholic.by
Фота Міколы Гракава

У суботу 16 ліпеня ў Клюшчанах, што на Астравеччыне, адбудзецца пасвячэнне новай святыні, размешчанай у былой плябаніі, замест знішчанага пажарам у 2017 годзе касцёла святога Яўхіма.

Клюшчаны — невялічкая вёсачка даўняга Віленскага краю, на самым беларска-літоўскім памежжы, славутая тым, што з мясцовай парафіі паходзіў і пэўны час нёс тут служэнне святар і паэт Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк).

Касцёл, у якім ён калісьці служыў, быў цалкам знішчаны пажарам пяць гадоў таму, у ноч на 6 чэрвеня 2017 года. У святыні па нядзелях і святах збіраліся вернікі з больш чым дзесяці навакольных вёсак. З таго часу яны разам са сваім пробашчам ксяндзом Анатолем Захарэўскім абсталявалі новы касцёльчык, які размясціўся ў перабудаваным будынку былой плябаніі.

Пасвячэнне новага касцёла ў Клюшчанах здзейсніць арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пачатак а 11-й гадзіне.

Пробашч парафіі святога Яўхіма ў Клюшчанах ксёндз Анатоль Захарэўскі ад імя мясцовых вернікаў сардэчна запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел ва ўрачыстасці пасвячэння касцёла, якое здзейсніць заслужаны беларускі іерарх.

З гісторыі касцёла ў Клюшчанах

  • 1785 год — заснаванне першага касцёла пад тытулам святога Яўхіма Каламбрыйскага. Фундатар — Ян Корсак.
  • 1844 год — пашырэнне святыні і змена тытула касцёла на святога Яўхіма, бацькі Найсвяцейшай Панны Марыі.
  • 1887 год — рэканструкцыя і перабудова касцёла пад кіраўніцтвам ксяндза Яна Галіча-Сулінскага.
  • 1904–1905гг. — узвядзенне на франтоне касцёла дзвюх вежаў у гатычна-закапанскім стылі і пераабсталяванне трох алтароў пад кіраўніцтвам ксяндза Юзафа Бародзіча.
  • кастрычнік 1948 года — апошняя святая Імша перад закрыццём касцёла савецкай уладай. Цэлебраваў ксёндз Адам Вайцяхоўскі.
  • 27 жніўня 1989 года — касцёл вернуты вернікам, у тым жа годзе адрамантаваны сіламі і на ахвяраванні парафіянаў.
  • 1993 год — адноўлены інтэр’ер пад кіраўніцтвам айца Паўла Леліты ОСD.
  • 2014–2015 гады — касцёл адноўны звонку і ўсярэдзіне пад кіраўніцтвам ксяндза Анатоля Захарэўскага.
  • 6 чэрвеня 2017 года — будынак касцёла цалкам знішчаны пажарам.
Абноўлена 06.07.2022 14:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.