9 мая ў Дзеркаўшчыне, што на Глыбоччыне (Віцебская дыяцэзія), урачыста адзначаць 200-годдзе з часу заснавання парафіяльнага касцёла Унебаўшэсця Пана.
З гэтай нагоды цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліць арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў 1990 годзе нанава пасвяціў вернутую католікам святыню.
Пачатак Імшы а 12-й гадзіне.
Касцёл пад тытулам Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне заснаваны 7 мая 1822 года, пра што сведчыць камень з выбітай датай, умураваны ў сцяну святыні, пабудаванай з каменя і цэглы. Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры з рысамі класіцызму. Немалыя памеры святыні сведчаць пра руплівасць тагачасных парафіянаў, якія хацелі мець вялікі касцёл. Падчас Другой сусветнай вайны святыню спрабавалі знішчыць, у пасляваенны час касцёл быў зачынены і ў заняпадзе.
У 1989 годзе святыню вярнулі вернікам, яна была адбудавана, адноўлена і нанава пасвячана 15 мая 1990 біскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які ў той час быў пастырам усіх католікаў на Беларусі.