30 снежня біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзеліць сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыякану Валерыю Пупкевічу SCJ, які паходзіць з Паставаў і належыць да Кангрэгацыі святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцанаў).
- Урачыстасць святарскага пасвячэння адбудзецца ў касцёле святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах.
Пачатак у 10.00.
Напярэдадні падчас вечаровай святой Імшы а 18-й гадзіне дыякан урачыста вызнае сваю веру і выкажа жаданне служэння Богу і людзям.
- Сваю першую святую Імшу (прыміцыю) новапрэзбітэр будзе цэлебраваць у касцёле святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі.
Пачатак у 10.00.
Дыякан Валерый стане дзясятым ураджэнцам Беларусі, які будзе святаром у законніцкай супольнасці сэрцанаў.
Прамыя трансляцыі пасвячэння і прыміцыйнай святой Імшы будуць весціся на канале пастаўскай парафіі святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Дыякан Валерый Пупкевіч SCJ нарадзіўся 31 жніўня 1995 года ў Паставах, паходзіць з мясцовай парафіі святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля заканчэння сярэдняй школы адчуў голас паклікання і ўступіў у Кангрэгацыю святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцанаў). Пасля ўсіх этапаў законніцкай фармацыі ўвесну прыняў пасвячэнне дыяканату. З таго часу нёс дыяканскае служэнне ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец), якой духоўна апякуюцца ксяндзы сэрцане.