11 верасня ў парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах адбудзецца малітоўная сустрэча для тых, хто хварэе, мае інваліднасць, апякуецца хворым блізкім, дапамагае іншым несці крыж хваробы і цярпення.
Аднойчы вучні спыталіся ў Хрыста пра прычыну слепаты пэўнага чалавека: «Хто зграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ані бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя» (пар. Ян 9, 1–3).
«Цярпенні, хваробы, цяжкасці сустракаюцца ў жыцці кожнага чалавека. У сувязі з гэтым у многіх узнікаюць пытанні: за што і чаму?
Чаму менавіта маё дзіця або блізкі чалавек хварэе? Чаму нарадзіўся інвалідам?
На гэтыя пытанні і цяжкасці ёсць адказы. Яны ў Богу, у Езусе Хрысце, у Яго муцы і смерці на крыжы», — адзначаюць арганізатары сустрэчы.
Пачатак святой Імшы ў 17.00.
Пасля адбудзецца малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам аб умацаванні ў веры на шляху аздараўлення і нясення разам з Езусам крыжа цярпення.