Пошук

08.01.2021 08:01   Catholic.by

24 студзеня, калі ў Касцёле ў другі раз будзе адзначацца Нядзеля Божага слова, у мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Казіміра Велікасельца.

Нагадаем, што 3 студзеня, у дзень 75-гадовага юбілею арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Папа Францішак прыняў пададзенае ім згодна з нормамі кананічнага права прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіравання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй у сувязі з дасягненнем пенсійнага ўзросту. Гэтае прашэнне арцыпастыр скіраваў Пантыфіку яшчэ за месяц да свайго 75-годдзя, падчас вымушанага знаходжання па-за межамі даручанага яго кіраўніцтву мясцовага Касцёла.

У сувязі з тым, што пасля выхаду на пенсію Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта яго катэдра засталася вакантнай, на час да прызначэння яго наступніка Апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі быў прызначаны біскуп Казімір Велікаселец, чые паўнамоцтвы пасля дасягнення ім у маі мінулага года пенсійнага ўзросту былі працягнуты Святым Айцом яшчэ на два гады.

Супольная Эўхарыстыя ў галоўнай святыні сталіцы стане малітваю падзякі за шматгадовае служэнне Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які і пасля выхаду на пенсію працягвае служыць Богу і Яго вернаму народу Касцёла ў Беларусі, несучы людзям слова праўды і суцяшэння.

Удзельнікі святой Імшы будуць таксама маліцца аб патрэбных дарах Божай ласкі для прызначанага Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца і аб тым, каб Дух Святы выбраў годнага наступніка арцыбіскупа Кандрусевіча, які заслужана карыстаецца вялікім аўтарытэтам і павагай не толькі католікаў, але і мноства іншых людзей як у нашай краіне, так і за яе межамі: не менш, чым Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк.

Пачатак святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле (пл. Свабоды, 9) 24 студзеня а 13-й гадзіне.

Адначасова на партале Catholic.by будзе весціся прамая трансляцыя гэтай цэлебрацыі.

Святая Імша 24 студзеня не з’яўляецца ўрачыстым уступленнем на пасаду (інгрэсам) біскупа Казіміра Велікасельца, паколькі Апостальскі адміністратар выконвае свае абавязкі на вакантнай катэдры з моманту яго прызначэння і будзе іх выконваць у гэтай якасці ажно да ўрачыстага ўступлення на пасаду (інгрэса) новага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа