29 лістапада распачаўся Адвэнт, і ў сваім Пастырскім пасланні на гэты перыяд падрыхтоўкі да сустрэчы з Езусам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікае вернікаў выкарыстаць для гэтага магчымасці, у тым ліку беручы ўдзел у адмысловых адвэнтавых рэкалекцыях.
Сёлетні Адвэнт нясе з сабой два вялікія выклікі для беларускіх католікаў. Гэта моцнае пагаршэнне эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама выгнанне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому незаконна адмоўлена ва ўездзе ва ўласную краіну. Таму сёлета Адвэнтавыя рэкалекцыі ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі пройдуць у незвычайным фармаце.
З чацвярга 3 снежня да нядзелі 6 снежня рэкалекцыі для вернікаў катэдральнай парафіі і ўсіх, хто пажадае да іх далучыцца, правядзе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з дапамогаю аўдыёвізуальных сродкаў.
Пачатак святой Імшы з рэкалекцыйнай навукай у 18.30. У нядзелю ў 11.30 і 13.00.
Запіс рэкалекцый з кіраўніком беларускага каталіцкага епіскапату будзе даступны таксама на партале Catholic.by.
Запрашаем усіх ахвотных узяць удзел у гэтых незвычайных адвэнтавых рэкалекцыях, каб з іх дапамогаю падрыхтаваць сэрцы да святкавання вялікай урачыстасці Нараджэння Божага Сына і да сустрэчы з Хрыстом у сваім штодзённым жыцці.