13 сакавіка, у сёмую гадавіну абрання Папы Францішка, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ад імя беларускага каталіцкага епіскапату заклікае духавенства і вернікаў мясцовага Касцёла атуліць Святога Айца сваёю малітваю.
У перыяд Вялікага посту, калі Касцёл рэкамендуе хрысціянам як асноўныя аскетычныя практыкі пост, малітву і ўчынкі міласэрнасці, католікі асаблівым чынам закліканы маліцца за наступніка святога Пятра.
Да малітвы рэкамендуецца дадаць нейкую асаблівую пастанову як прыемны Богу дар у інтэнцыі патрэбных ласкаў для Папы Францішка.
У Мінску ў інтэнцыі Святога Айца будуць цэлебравацца святыя Імшы.
- У катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі цэлебрацыю Эўхарыстыі ў інтэнцыі Папы Францішка ў гадавіну абрання ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пачатак у 18.30.
- У касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) цэлебрацыю Эўхарыстыі ў інтэнцыі Папы Францішка ў гадавіну абрання ўзначаліць прадстаўнік Яго Святасці ў нашай краіне Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас. Пачатак у 19.00.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрашае вернікаў сталіцы узяць актыўны ўдзел у гэтых цэлебрацыях.