Сёстры з законніцкай супольнасці Congregatio Sororum Expiatricum Sacratissimi Vultus запрашаюць усіх жадаючых далучыцца да адмысловай малітвы — Навэнны да Найсвяцейшага Аблічча. З дапамогай гэтай малітвы яны рыхтуюцца да свайго галоўнага свята, якое адзначаюць у пятніцу перад Папяльцовай серадой.
У некаторых старых касцёлах Беларусі (святых Пятра і Паўла ў Старых Васілішках, святога Мікалая ў Міры і іншых) на бакавых сценах ці пры ўваходзе, у так званым бабінцы, можна сустрэць абраз з адбіткам Найсвяцейшага Аблічча Езуса на хусце святой Веранікі.
Да папулярызацыі абразоў Найсвяцейшага Аблічча Езуса напрыканцы ХІХ стагоддзя сярод іншых прычынілася пабожная настаўніца Эліза Цейзік. Яна належала да Турскага арцыбрацтва Найсвяцейшага Аблічча ў Францыі, і адтуль ёй дасылалі копіі абразоў, якія яна са згоды пробашчаў размяшчала ў касцёлах. Пад кіраўніцтвам благаслаўлёнага Ганарата Казмінскага, капуцына, яна заснавала законніцкую супольнасць сясцёр Congregatio Sororum Expiatricum Sacratissimi Vultus, або аблічанак.
Сёстры з гэтай супольнасці з 2018 года працуюць у аграгарадку Гатава каля Мінска пад крыламі святога Міхала Арханёла. Сваё галоўнае свята — Найсвяцейшага Аблічча — яны адзначаюць у пятніцу перад Папяльцовай серадой.
У гэтым годзе свята прыпадае на 21 лютага. Пачатак навэнны — 12 лютага, серада.
Да свята сёстры разам з вернікамі парафіі св. Міхала Арханёла будуць рыхтавацца, молячыся перад святой Імшой Навэннай да Найсвяцейшага Аблічча. Сёстры запрашаюць усіх далучыцца да малітвы ў капліцы ў а/г Гатава, што пад Мінскам.
Пачатак па буднях у 16.45, у нядзелю — у 12.45.