Пошук

25.10.2019 15:07   Catholic.by
Кастусь Каліноўскі і капліца на могілках Роса ў Вільні, дзе адбудзецца перапахаванне ўдзельнікаў паўстання. Фотакалаж: Wikipedia.org

У пятніцу 22 лістапада ў Вільні адбудзецца цырымонія дзяржаўнага перапахавання нацыянальнага героя Беларусі, Літвы і Польшчы Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў вызвольнага паўстання 1863–1864 гг. У цырымоніі возьмуць удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі.

Падчас працаў па ўмацаванні схілаў гары Гедыміна ў Вільні, якія вяліся са студзеня 2017 года, былі выпадкова знойдзены пахаванні. У выніку праведзеных даследванняў пацвердзілася прыналежнасць знойдзеных парэшткаў удзельнікам вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якія былі пакараныя смерцю царскімі сатрапамі на Лукішскай плошчы.

Рэчы ўдзельнікаў паўстання, знойдзеныя ў пахаванні. Фота: by.mfa.lt

У выніку далейшых пошукаў былі выяўлены парэшткі дваццаці кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання, якія будуць перапахаваныя на могілках Роса ў Вільні. У цырымоніі дзяржаўнага перапахавання возьмуць удзел кіраўнікі Літвы і Польшчы, а таксама прадстаўнічая дэлегацыя Беларусі.

У перапахаванні возьме ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Паўстанне 1863–1864 гг. засталося ў памяці нашых народаў як сімвал самаахвярнага змагання за грамадзянскія правы і рэлігійную свабоду.

Праграма цырымоніі перапахавання:

  • 8.30 — вынас трунаў з парэшткамі ўдзельнікаў паўстання з унутранага двору Палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх на плошчу перад віленскай катэдрай
  • 8.40 — унос трунаў у катэдральную базыліку святога Станіслава і святога Уладзіслава
  • 9.00 – 11.30 — грамадзянскае развітанне
  • 11.45 — прыбыццё ў катэдру афіцыйных асоб і замежных дэлегацый
  • 12.00 — святая Імша ў катэдральнай базыліцы святога Станіслава і святога Уладзіслава, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп Мітрапаліт Віленскі Гінтарас Грушас з удзелам духавенства з Літвы, Польшчы і Беларусі. На плошчы перад катэдрай будзе арганізавана відэатрансляцыя святой Імшы
  • 13.20 — вынас трунаў з катэдральнай базылікі і выхад жалобнай працэсіі на могілкі Роса
  • 14.00 — працэсія спыніцца каля Вострай Брамы, дзе адбудзецца спеў антыфоны «Тваёй абароне аддаемся, святая Багародзіца» на літоўскай, польскай і беларускай мовах
  • 14.30 — прыбыццё працэсіі на могілкі Роса
  • 14.40 — унос трунаў з парэшткамі ў капліцу на могілках, апошняе развітанне і даручэнне спачылых Божай міласэрнасці

З 16.00 капліца на могілках Роса будзе адкрыта для ўсіх наведвальнікаў.

Жадаючыя ўзяць удзел у перапахаванні кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага могуць атрымаць ільготную візу ў консульскім аддзеле пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі.

Дзеля гэтага да 5 лістапада неабходна прайсці індывідуальную рэгістрацыю, даслаўшы анкету на электронную пошту k1@urm.lt.

Жыхары Гродзенскай і Брэсцкай вобласцяў звяртаюцца ў Генеральнае консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гродне.

Больш падрабязна пра атрыманне візы можна даведацца ТУТ>>>

З Мінска арганізуецца выезд для ўдзелу ў перапахаванні ўдзельнікаў і кіраўнікоў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Інфармацыя і запіс па тэлефонах:

+375 (29) 632 42 03
+375 (33) 637 15 17

Абноўлена 25.10.2019 16:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця