
10 верасня ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Гродзенская дыяцэзія, Мастоўскі дэканат) адбудзецца Імша ў інтэнцыі ксяндза Яна Варанецкага з нагоды першай гадавіны яго смерці.
Праз год пасля раптоўнага адыходу ў вечнасць аднаго з маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза Яна Варанецкага да супольнай малітвы запрашаюцца ўсе ахвотныя — духавенства, законныя сёстры і свецкія вернікі. Святая Імша распачнецца ў роднай парафіі святара ў 12.00.
Ксёндз Ян Варанецкі нарадзіўся 15 ліпеня 1991 года ў Мікелеўшчыне. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 4 чэрвеня 2016 года ў Гродне. Пасля пасвячэння нёс служэнне вікарыя:
- у ашмянскай парафіі святога Арханёла Міхала;
- у гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (дэканат Гродна-Захад);
- у катэдральным касцёле святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне (дэканат Гродна-Усход).
У ліпені 2024 года стаў пробашчам парафіі святога Арханёла Міхала ў Ашмянах.
Святар памёр 12 верасня 2025 года ва ўзросце 34 гадоў. Пахаваны ў Мікелеўшчыне.







