Пошук

11.10.2019 12:03   Catholic.by

У нядзелю 13 кастрычніка ў парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) адбудзецца апошняе ў гэтым годзе Фацімскае набажэнства ў інтэнцыях вернікаў.

Аб’яўленні Найсвяцейшай Маці Божай тром партугальскім дзецям у Фаціме адбываліся з мая па кастрычнік 1917 года. Праўдзівасць гэтых аб’яўленняў пацвярджаецца надзвычайным цудам — «танцам сонца», што меў месца 13 кастрычніка на вачах у пяцідзесяцітысячнага натоўпу людзей.

Звяртаючыся да ўсяго чалавецтва, Маці Божая расказала Люцыі, Жасінце і Францішку пра сваю глыбокую журбу, выкліканую грахамі людзей, і заклікала да малітвы і навяртання. Ужо ў сваім першым аб’яўленні Марыя скіравала дзецям такія словы:

«Маліцеся на ружанцы кожны дзень, каб выпрасіць мір для свету і канец вайны».

Верныя закліку Багародзіцы, вернікі вішнеўскай парафіі разам са сваім пробашчам ксяндзом Антоніем Казлоўскім кожны трынаццаты дзень месяца з мая па кастрычнік збіраюцца на адмысловыя Фацімскія набажэнствы, якія складаюцца са святой Імшы і Фацімскага Ружанца. Несучы вакол касцёла фігуру Маці Божай Фацімскай, удзельнікі набажэнства моляцца Ружанец, а прамаўляючы другую і чацвёртую таямніцы высока ўзнімаюць рукі ўгору, молячы Бога праз заступніцтва Панны Марыі аб усіх патрэбных ласках для сябе, для сваіх сем’яў, для родных і блізкіх, для нашай Бацькаўшчыны і ўсяго свету.

Пачатак набажэнства ў 12.00

Абноўлена 11.10.2019 12:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.