Пошук

04.10.2019 12:39   Паводле: Waladarka.by / Catholic.by

У кожную першую суботу месяца ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе адбываюцца спецыяльныя набажэнствы, спалучаныя з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшой ў інтэнцыі падзякаў і просьбаў вернікаў.

Сувязь з Марыяй — гэта прыкмета сапраўднай хрысціянскай пабожнасці, вельмі важная ў духоўным жыцці. Марыя — гэта надзейны і выпрабаваны шлях да Хрыста, ідучы па якім мноства жанчын і мужчын дасягнулі святасці. Сваім узорам і заступніцтвам Багародзіца вядзе да свайго Сына кожнага, хто аддаецца Яе Матчынай абароне.

Словы Езуса Хрыста, сказаныя Ім з крыжа святому Яну: «Вось Маці твая», насамрэч адносяцца да кожнага Яго вучня і вучаніцы. Каб выканаць гэты запавет Сына Чалавечага, мы павінны прыняць Марыю да сябе, гэта значыць увесці яе ў духоўную прастору свайго жыцця.

З даверам звяртаючыся да Марыі, поўнай ласкі, мы верым, што Яна нас навучыць рабіць усё, што кажа Яе Сын, і такім чынам атрымаць усе патрэбныя для збаўлення ласкі. Марыя як Маці заўсёды побач, гатовая ў любую хвіліну падтрымаць сваіх дзяцей, абараніць іх ад зла, што пагражае душы і целу, даць сілу перанесці выпрабаванні.

Марыйныя санктуарыі — гэта месцы, дзе штодзённа ўжо шмат стагоддзяў адбываюцца і вялікія, і непрыкметныя цуды, духоўныя і цялесныя аздараўленні. З розных куткоў сцякаюцца ў іх пілігрымы, каб занесці да Нябеснай Матулі просьбы сваіх сэрцаў. У кожнай патрэбе мы можам прыйсці да нашай Маці і перад Яе цудадзейнай выявай прасіць аб дапамозе, апецы, парадзе ў цяжкіх справах, а Яна заўсёды выслухае і дапаможа.

Спецыяльныя набажэнствы ў інтэнцыі падзякаў і просьбаў вернікаў адбываюцца ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў кожную першую суботу месяца ў 11.00.

Падчас гэтых набажэнстваў, спалучаных з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшой, перад цудатворнай іконай Маці Божай Браслаўскай зачытваюцца ўсе скіраваныя да Марыі падзякі і просьбы вернікаў.

Іх можна падаць непасрэдна ў санктуарыі або даслаць па пошце ці на інтэрнэт-старонку санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў Waladarka.by.

Адрас санктуарыя:

Санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў
вул. Савецкая, 1
211969 г. Браслаў
БЕЛАРУСЬ

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа