Ініцыятыва праводзіць усяночныя адарацыі ў інтэнцыі абароны жыцця з’явілася ў сталічнай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ.
Падобныя набажэнствы ў касцёле на вуліцы Матусевіча раней ужо праводзіліся падчас адвэнту, Вялікага посту і на пачатку лета. Цяпер яны стануць рэгулярнымі.
6 верасня адарацыя распачнецца пасля святой Імшы на 19.00 і працягнецца да 8-й гадзіны раніцы.
Сёння сем’і знаходзяцца пад няспынным ціскам шматлікіх пагрозаў, якія св. Ян Павел ІІ назваў «цывілізацыяй смерці».
Беларусь апынулася ў сусветных лідарах па колькасці разводаў, абортаў, венерычных захворванняў і алкагалізму. Сужэнская нявернасць і нячыстасць перад шлюбам сталі нездаровай нормай. З кожным годам расце колькасць бясплодных сужэнцаў.
Да таго ж у апошні час у Беларусі актывізавалася навязлівая прапаганда гендарнай ідэалогіі, што мае на мэце знішчэнне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і прапаганду сексуальнай разбэшчанасці.
Усе гэтыя негатыўныя з’явы маюць адну супольную прычыну — глыбокую духоўную і маральную неўпарадкаванасць.
Такая сітуацыя патрабуе ад нас, хрысціянаў, пільнага адказу, і гэты адказ павінен быць у першую чаргу духоўным дзеяннем.
Таму ксяндзы хрыстусоўцы, якія нясуць служэнне ў парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ, прапануюць прыняць удзел у адарацыі ў інтэнцыі абароны жыцця і сям’і, а таксама дзеля перапрашэння за грахі супраць жыцця і сям’і, якія здзяйсняюцца на нашай зямлі.
Далучыцца да малітвы можна ў касцёле па адрасе:
г. Мінск, вул. Матусевіча, 80.