Пошук

03.09.2019 17:47   Catholic.by
Касцёл св. Юзафа ў Ляхавічах. Здымак 1910-х гг. / radzima.org

4 верасня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка здзейсніць асвячэнне тэрыторыі касцёла св. Юзафа ў Ляхавічах. 

«Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! — піша біскуп Антоні ў сваім паведамленні з гэтай нагоды. — Дзялюся з вамі радасцю з нагоды адраджэння гістарычнага касцёла св. Юзафа ў Ляхавічах пасля амаль 80-гадовага перапынку.

Ляхавіцкая парафія — адна з найстарэйшых у Пінскай дыяцэзіі і бярэ пачатак у XVI стагоддзі. Пасля падзей 1863 года ў многіх парафіях нашага рэгіёна святыні былі або адабраныя, або разбураныя.

Толькі пасля 50-гадовага перапынку царскія ўлады на пачатку XX ст. дазволілі будаваць касцёлы. Атрымаўшы дазвол, ляхавіцкія вернікі ўзнеслі прыгожую святыню ў неагатычным стылі. У 1910 годзе адбылося асвячэнне касцёла, якое здейсніў біскуп Ян Цепляк.

Касцёл св. Юзафа ў Ляхавічах. Здымак 1910-х гг. / radzima.org

На жаль, падчас Другой сусветнай вайны 90% святыняў нашай Пінскай дыяцэзіі былі адабраныя ў вернікаў, а значная частка духавенства загінула. Падобны лёс напаткаў касцёл св. Юзафа ў Ляхавічах. Ён быў перабудаваны пад раённы шпіталь.

Пасля падзення атэістычнай сістэмы 25 гадоў таму была адроджана парафія.

Не маючы магчымасці вярнуць былы касцёл, святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк для забеспячэння вернікаў святыняй прыняў рашэнне аб пабудове новага касцёла на другім баку горада. А калі праз некаторы час у Ляхавічах быў збудаваны новы шпіталь, будынак гістарычнага касцёла быў прададзены прадпрымальніку, які нічога там не рамантаваў».

Галоўны фасад вернутага касцёла. Сучасны выгляд. Фота К. Шастоўскага / radzima.org

«Амаль два гады таму касцёл быў вернуты Пінскай дыяцэзіі. З мэтай узнаўлення Божага культу са сродкаў Паўсюднага Касцёла, у тым ліку і вашых, дарагія дыяцэзіяне, распачаліся рамонтныя працы ў будынку адноўленай святыні. Апошнім часам ідуць працы па арганізацыі адпаведнага сакральнага ўбранства касцёла для правядзення набажэнстваў, — адзначае біскуп. — Дзякую ўсім, хто прычыніўся да ўзнаўлення велічнай гістарычнай святыні: разнастайным службам і арганізацыям, парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Ляхавічах, вернікам Ляхавіцкага і Баранавіцкага дэканатаў і ўсім людзям добрай волі».

«„Дом Мой будзе названы домам малітвы,“ — кажа Пан Бог. Няхай жа ў гэтым касцёле няспынна гучыць удзячны гімн усхвалення Усемагутнага і Міласэрнага Пана: „Цябе, Бога, праслаўляем“»,

— дадае іерарх, запрашаючы ўсіх на ўрачыстасць.

Пачатак у 18.00.

Абноўлена 03.09.2019 18:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.