14 верасня парафія ва Уздзе адзначае адпустовую ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа. У гэтым годзе з нагоды ўрачыстасці ў мясцовым касцёле ўпершыню будзе знаходзіцца частка рэліквіі Крыжа Езуса.
Крыж для ўсіх хрысціянаў мае асаблівае значэнне. Ён з’яўляецца прыладай мукі і вялікага цярпення, але носіць у сабе знак невымоўнай любові Бога да чалавека. Таму касцёл ва Уздзе збірае вернікаў, каб ушанаваць святы знак нашага збаўлення, памаліцца Богу, падзякаваць за Яго любоў і папрасіць шчодрых ласкаў.
Удзельнікі ўрачыстасці будуць мець магчымасць ушанаваць рэліквію Крыжа.
Святочную Імшу ўзначаліць новапрэзбітэр кс. Канстанцін Цыбульскі MSF з Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і, які пасля набажэнства ўдзеліць кожнаму з прысутных благаслаўленне.
Праграма ўрачыстасці:
- 12.00 — уводзіны ва ўрачыстасць. Гісторыя ўрачыстасці Узвышэння Святога Крыжа. Магчымасць прыступіць да споведзі
- 12.30 — пачатак набажэнства на ўшанаванне Крыжа. Разважанні са спевамі дапамогуць абудзіць дух пабожнасці і глыбей адчуць тое, што адбылося на Крыжы
- 13.00 — спеў да Святога Крыжа
- 13.45 — урачыстая святая Імша. Пасля ўшанаванне крыжа і ўдзяленне кожнаму індывідуальнага благаслаўлення.
- 15.00 — пачастунак