Парафіяне Бялынічаў разам са сваім пробашчам кс. Юзафам Сярпейкам запрашаюць вернікаў з усёй Беларусі ў свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ўшанаваць Маці Божую Бялыніцкую і паўдзельнічаць у Саракагадзінным набажэнстве. Кожнаму ўдзельніку ўрачыстасці рыхтуюць падарунак.
Саракагадзіннае набажэнства, якое папярэднічае ўрачыстасці ў Бялынічах, пачнецца вечарам у пятніцу 6 верасня і працягнецца да галоўнай адпустовай святой Імшы, што адбудзецца а 15-й гадзіне 8 верасня. Лічыцца, што такое набажэнства абараняе ад уздзеяння зла, ад спакусаў і ўсялякай небяспекі. Але самае галоўнае тое, што яно служыць паглыбленню веры, ўмацаванню адносін з Богам і нараджае еднасць усяго Касцёла.
Сёлета мясцовыя парафіяне вырашылі кожнаму, хто будзе разам з імі ўдзельнічаць ва ўрачыстасці Маці Божай Бялыніцкай, напрыканцы падараваць прыемны гасцінчык — слоік мёду, каб усе змаглі прывезці з беларускай Чэнстаховы не толькі благаслаўленне ад Панны Марыі, але і гэты салодкі сімвал.
Мёд — адзіны ў свеце прадукт, які не псуецца. Можа, менавіта таму ў Святым Пісанні яго згадваюць у кантэксце Божага Слова, якое існуе вечна.
Мёд — сімвал непахіснасці і адначасова знак асалоды ад разумення Божага Слова.