Пошук

28.08.2019 12:52   Catholic.by
Фота Васіля Цітова

З 6 па 8 верасня, непасрэдна перад сёлетнім фэстам Маці Божай Бялыніцкай, у Бялынічах, што на Магілёўшчыне, адбудзецца Саракагадзіннае набажэнства, узяць удзел у якім запрашаюць духоўных валанцёраў з усёй Беларусі.

Саракагадзіннае набажэнства мае вялікае духоўнае значэнне і з’яўляецца сапраўдным малітоўным скарбам супольнасці Касцёла.

З даўніх часоў набажэнства было распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі і асабліва ў славутым санктуарыі Маці Божай у Бялынічах, дзе захоўвалася адна з самых шанаваных на нашых землях цудатворных ікон Найсвяцейшай Панны Марыі, каранаваная папскімі каронамі 20 верасня 1761 г.

Сёння па ініцыятыве душпастыра парафіі ў Бялынічах кс. Юзафа Сярпейкі адбываецца адраджэнне гэтай прыгожай пабожнай традыцыі.

«Праз адарацыю Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце мы хочам выпрасіць у Бога патрэбную дапамогу ў развіцці нашай парафіі і Касцёла на Магілёўшчыне.

Таму ўзнікла ідэя вярнуцца да першакрыніцы ўсіх ласкаў — да Езуса. Да Езуса, скрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце», — гаворыць святар.

«Падчас гэтага набажэнства мы найперш хочам перапрасіць Бога за свае грахі і за грахі тых, хто ў іх не каецца. За грахі разбурэння святыні ў Бялынічах, за грахі святароў і супраць святароў, за грахі вернікаў і супраць вернікаў, за ўсе святатацтвы і знявагі Божага імені, а таксама за ўсе блюзнерствы супраць Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых.

Падзеі апошняга стагоддзя патрабуюць ад нас рашуча абараняць і выконваць Божы Закон у нашым жыцці і ў жыцці ўсяго грамадства. Таму перш за ўсё належыць адкінуць усё, што забівае нас як людзей і як народ: грахі абортаў, матэрыялізм, пыху, фарысейства, ляноту, п’янства, нячыстасць, сексуальную разбэшчанасць і ідалапаклонства», — дадае ксёндз Юзаф Сярпейка.

«Наша парафія зусім невялікая па колькасці вернікаў. Таму шчыра запрашаем усіх людзей добрай волі далучацца да нас і ўдзельнічаць у Саракагадзінным набажэнстве, падчас якога сорак гадзін запар будзе выстаўлены Езус Хрыстус у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Запрашаем вас адгукнуцца на нашую просьбу і быць духоўным валанцёрам падчас гэтага набажэнства.

Калі хочам захаваць і ўмацаваць нашу хрысціянскую тоеснасць, то мы павінны зноў даверыць лёс нашага народа Марыі Каралеве Беларусі, адначасова просячы ў Бога прабачэння за ўчыненыя грахі і прабачаючы ўсе спазнаныя крыўды на працягу вякоў», — падкрэслівае пры гэтым душпастыр бялыніцкай парафіі.

Саракагадзіннае набажэнства распачнецца 6 верасня святой Імшой а 19-й гадзіне.

Цэлебрацыю ўзначаліць пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Крычаве кс. Павел Адамовіч.

Святая Імша ў суботу 7 верасня адбудзецца таксама а 19-й гадзіне. Цэлебрацыю ўзначаліць а. Сяргей Мацюшонак OFMCap, пробашч парафіі св. Валянціна ў Смалявічах.

Набажэнства скончыцца ў нядзелю 8 верасня ўрачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой а 15-й гадзіне ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Жадаючыя ўзяць удзел у Саракадзінным набажэнстве ў Бялынічах праходзяць электронную рэгістрацыю ТУТ>>>

Пры электроннай рэгістрацыі можна выбраць зручныя для сябе гадзіны адарацыі, каб арганізатары мелі магчымасць падрыхтаваць адпаведныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў. Ёсць магчымасць начлегу ў Бялынічах.

Абноўлена 28.08.2019 18:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.