Пошук

08.07.2019 14:13   Тэкст: а. Аляксандр Стока ОСD / Catholic.by
Фота Марыны Валасар
Фота Марыны Валасар

16 ліпеня Ордэн Кармэлітаў Босых адзначае галоўную ўрачыстасць Маці Божай з гары Кармэль. Айцы кармэліты босыя з Мінска запрашаюць на ўрачыстасць, якая адбудзецца ў парафіі Божага Цела па вул. Герасіменкі, 6/1, пачатак у 19.00.

Адпустовую св. Імшу ўзначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Падчас яе іерарх удзеліць сакрамэнт хросту дваім дарослым парафіянам.

Пасля Імшы будзе магчымасць атрымаць святы шкаплер з рук айцоў кармэлітаў.

Гісторыя шкаплера паходзіць з ХІІІ стагоддзя. На гары Кармэль у Палестыне існаваў закон, члены якога, духоўныя сыны прарока Іллі, называлі сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх габіт, зроблены з нефарбаванай шэрсці, складаўся з тунікі, падперазанай на сцёгнах скураным пасам, накінутага на туніку шкаплера і каптура. Кармэліты вялі жыццё, адданае малітве, працы і пакаянню, захоўваючы цноты чыстасці, убоства і паслухмянасці.

У канцы ХІІІ стагоддзя, у сувязі з пераследам з боку мусульманаў, рэлігійнымі войнамі з туркамі і заняпадам Касцёла на Святой Зямлі, законнікі былі вымушаныя выехаць у Еўропу.

Тут, у новым асяроддзі, перад малавядомым законам узнікла пагроза роспуску. У такім цяжкім становішчы пабожны генерал закону Сымон Сток просіць Марыю, каб Яна захавала прысвечаны Ёй закон.

У адказ на шчырую малітву Марыя аб’явілася святому Сымону ў ноч з 15 на 16 ліпеня 1251 года ў атачэнні анёлаў і, указваючы на яго шкаплер, учыніла яго знакам сваёй Матчынай апекі, сказаўшы: «Гэта будзе прывілей для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага».

Пасля таго аб’яўлення зніклі ўсе перашкоды і закон пачаў паступова развівацца ва ўсёй Еўропе. Праз 70 гадоў Маці Божая аб’явілася Святому Айцу Яну ХХІІ і, пацвярджаючы папярэднія прывілеі — асаблівую апеку ў зямным жыцці і выбаўленне ад агню пякельнага, — абяцала, што кожны, хто ў момант смерці будзе мець на сабе Яе шкаплер, у першую суботу пасля смерці будзе выведзены з чыстца ў неба.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.