Пошук

29.01.2019 08:17   Фота: Кс. Аляксандр Улас, Ганна Суздальцава / Catholic.by

26 студзеня ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага прайшла малітоўная сустрэча руху «Маці ў малітве».

Рух, які аб’ядноўвае маці ва ўсім свеце ў малітве за сваіх дзяцей, дзейнічае ў Беларусі ўжо амаль 18 гадоў і налічвае больш за паўтысячы ўдзельніц. Для таго, каб да яго далучыцца, неабходна з даверам даручыць сваіх дзяцей Богу і пачаць за іх маліцца. Малітоўныя групы маці збіраюцца ўжо ўва многіх парафіях нашай краіны.

Сустрэча ў Мінску прайшла ў межах трох малітоўных дзён, якія праводзяцца чатыры разы на год.

У першы дзень, 25 студзеня, удзельніцы руху «Маці ў малітве» ва ўсім свеце маліліся ў інтэнцыі перапрашэння за ўласныя грахі, просячы Бога паказаць, што ім неабходна змяніць у сабе. Другі дзень, 26 студзеня, быў прысвечаны малітве за тых, чые дзеянні нейкім чынам уплываюць на дзяцей праз наркотыкі, парнаграфію, сродкі камунікацыі, няправільнае выхаванне, інтэрнэт, музыку і г.д. Трэці дзень, 28 студзеня, быў напоўнены радасным праслаўленнем Бога з падзякаю за ўсе Яго дары і ласкі.

Распачалася малітоўная сустрэча, у якой бралі ўдзел 110 прадстаўніц руху з усіх дыяцэзій Беларусі, з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую правёў кс. канонік Дзмітрый Пухальскі. Пасля адарацыі адбылася св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў, што невыпадкова сустрэча «Маці ў малітве» адбываецца ў дзень літургічнага ўспаміну святых біскупаў Цімафея і Ціта. У чытанні з паслання да першага біскупа Касцёла ў Эфесе Цімафея св. апостал Павел піша, што гэты руплівы пастыр пераняў сваю веру ад маці і бабулі. Нездарма ў руху «Маці ў малітве» ўдзельнічаюць таксама маці духоўных і кансэкраваных асобаў, каб падтрымліваць сваіх дзяцей на шляху паклікання да служэння Богу.

«Малітва маці мае вялікую моц, — адзначыў біскуп Юрый, чыя матуля нядаўна адышла да Пана і цяпер з нябёсаў, напэўна, суправаджае і падтрымлівае яго сваёй малітвай. —

Нават калі не адразу ўсё ў жыцці змяняецца, аднак з часам малітва маці дакладна прынясе вялізны духоўны плён», — сцвердзіў іерарх.

Пасля св. Імшы прадстаўніцы розных груп распавядалі пра свой малітоўны досвед, дзелячыся ўласнымі сведчаннямі. Кіраўніца групы «Маці ў малітве» з Ліды Данута выхоўвае дзесяцёра ўласных і ўсыноўленых дзяцей. Падымаць іх на ногі і адначасова супрацьстаяць цяжкай хваробе ёй дапамагае толькі Бог, якому яна з надзеяй давярае сваіх дзяцей і ўсё сваё жыццё.

«Маці збіраюцца разам не для таго, каб паскардзіцца на тое, як ім цяжка, а каб падзяліцца адна з адной радасцю і супакоем, якія яны атрымліваюць ад Бога ў малітве», — кажа каардынатар руху ў Беларусі Людміла Губіна з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы.

Ад імя ўсіх «Маці ў малітве» яна выказала словы шчырай падзякі сястры Чаславе Навіцкай USJK за магчымасць правесці малітоўную сустрэчу ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры пад апекаю сясцёр уршулянак. Тут не толькі створаны найлепшыя ўмовы для такіх мерапрыемстваў, але і пануе адпаведная духоўная атмасфера. Цяжка знайсці лепшае месца для малітвы маці, чым хрысціянская ўстанова, якая мае сваёй мэтай клопат пра дзяцей.

 

Маці, якія жадаюць арганізаваць суполку руху ў сваёй парафіі, могуць звязацца з каардынатарам «Маці ў малітве» ў Беларусі Людмілай Губінай па электроннай пошце:

mpray@mail.ru

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.