Пошук

04.08.2018 07:47   catholicnews.org.ua / Catholic.by

4 жніўня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін св. Яна Марыі Віянэя, вядомага таксама як «пробашч з Арса».

Гэты святы быў апекуном Году святарства, які адзначаўся ў Каталіцкім Касцёле з чэрвеня 2009 г. па чэрвень 2010 г. Дык чаму ж гэты сціплы святар з французскай вёскі з’яўляецца прыкладам для святароў нашага часу і ў будучыні?

Жан-Мары (Ян Марыя) Віянэй нарадзіўся 8 мая 1786 года ў сялянскай сям’і, якая жыла непадалёк ад Ліёна. Яго маладосць праходзіла ў гады французскай рэвалюцыі, калі Касцёл у Францыі пакутаваў ад жорсткага пераследу, але Ян патаемна наведваў заняткі па рэлігіі і прыняў Першую святую Камунію. Спачатку яго жаданне стаць святаром не магло здзейсніцца з-за малых поспехаў у вучобе. Толькі ў 25 гадоў ён змог паступіць у духоўную семінарыю, з якой ён быў адлічаны за непаспяховасць у навучанні, найбольш яму не давалася лацінская мова. Урэшце яму было дазволена здаваць іспыты не на лаціне, а на французскай мове. У 1815 годзе Ян Марыя атрымаў святарскае пасвячэнне і быў прызначаны пробашчам у Арс непадалёк ад Ліёна. Там пражывала 230 асобаў. Аднак за 40 гадоў свайго служэння да яго прыбыла каля 80 тысяч асобаў з усёй Францыі. Як яму гэта ўдалося?

Ён плакаў над грахамі людзей

У духоўна занядбанай парафіі Ян Марыя не шкадаваў сілаў, каб людзі паядналіся з Богам. «Божа мой, дазволь мне прывесці да навяртання маю парафію. Я люблю Цябе, мой Боскі Збаўца, таму што за мяне Ты быў укрыжаваны… Таму што дазваляеш мне быць укрыжаваным за Цябе».

Такая пастава прывяла святара да руплівага пастырскага служэння. Яго малітва «Божа мой, дазволь мне прывесці да навяртання маю парафію, і я згаджуся на ўсе цярпенні, якія Ты дасі мне на працягу ўсяго майго жыцця…», сведчыць пра глыбокае пачуццё адказнасці за даручаную яму паству. Гэтая самаахвярнасць дзеля збаўлення іншых выражалася ў захаванні пастоў і малітве, якая працягвалася доўгія гадзіны, у пастырскай дзейнасці, асабліва накіраванай на катэхізацыю, Эўхарыстыю і сакрамэнт пакаяння. Споведзь стала яго асабліваю харызмай. Часта здаралася так, што гэты святар праводзіў у спавядальні больш за дзесяць гадзін у дзень. Ён плакаў над грахамі людзей. Ён намагаўся ў кожным грэшніку абудзіць прагненне шкадаваць за ўчыненае зло і «падкрэсліваў Божую прыгажосць».

Прычына падзення святара

Святую Імшу Ян Марыя лічыў цэнтрам свайго служэння. Ён быў перакананы, што «ўсе добрыя справы, узятыя разам, ніколі не параўнаюцца з Эўхарыстыяй, таму што яны з’яўляюцца ўчынкамі людзей, а Эўхарыстыя — гэта справа Бога».

Ян Марыя заахвочваў святароў, каб загадзя рыхтаваліся да цэлебрацыі Эўхарыстыі і падчас яе самі сябе складалі ў ахвяру Богу. На падрыхтоўку да святой Імшы Ян Марыя заўсёды прысвячаў 15 хвілін. Ён сцвярджаў, што «…прычынаю падзення святара з’яўляецца адсутнасць увагі падчас святой Імшы». Ён усведамляў пастаянную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі і праводзіў шмат часу перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам на світанні або вечарам. «Бог ёсць», — казаў ён падчас гамілій, указваючы на табэрнакулюм.

Усведамляючы тое, што навучанне давалася яму дастаткова цяжка, Ян Марыя старанна рыхтаваў гаміліі, па вечарах шмат чытаў. Яго гаміліі былі кароткімі і простымі. Падчас іх ён часта казаў, што шчасце сыходзіць ад свядомасці, што нас любіць Бог, ад жадання быць у лучнасці з Богам і прагнення жыць у прысутнасці Бога.

Святар жыве не для сябе

«Святар не жыве для сябе — жыве для вас», — паўтараў часта сваім парафіянам св. Ян Марыя. Святы Айцец Ян ХХІІІ у энцыкліцы Sacerdotii Nostri primordia, якая была выдадзена з нагоды 100-годдзя смерці св. Яна Марыі, кажа, што святару нельга жыць для сябе — ён павінен любіць усіх без выключэння. Нават яго думкі, жаданні і пачуцці не належаць яму, а Езусу Хрысту, які з’яўляецца жыццём святара.

Памёр Ян Марыя 4 жніўня 1859 года, 41 год праслужыўшы ў Арс. Яго цела спачывае ў базыліцы, пабудаванай над старым касцёлам у Арсе.

Лічыцца заступнікам усіх пробашчаў і духоўных кіраўнікоў, таму ў гэты дзень парафіяне звычайна віншуюць сваіх святароў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа