
19 сакавіка ў літургічным календары Каталіцкага Касцёла адзначаецца ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.
Сярод святых, якія ў гісторыі збаўлення адыгралі значную ролю, асаблівым чынам адрозніваецца той, хто па волі Божай стаў апекуном Збаўцы і абраннікам Найсвяцейшай Панны Марыі — святы Юзаф з Назарэта. Нездарма ў 1870 годзе Папа Пій ІХ абвясціў яго апекуном паўсюднага Касцёла.
Усе звесткі пра жыццё святога мы знаходзім у Евангеллі паводле Мацвея і паводле Лукі. Нягледзячы на тое, што іх зусім няшмат, менавіта абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адной з найбольш значных постацяў у хрысціянстве. Па прафесіі ён быў цесляром, жыў і працаваў у Назарэце і быў заручаны з Марыяй.
Калі Яна зачала Сына, Юзафу ў сне была аб’яўлена таямніца гэтага Зачацця і даручана місія апекавацца Найсвяцейшай Паннай і Дзіцяткам. Мы бачым Юзафа пры Нараджэнні Збаўцы ў Бэтлеемскай пячоры, падчас Ахвяравання ў святыні, падчас уцёкаў у Егіпет, а таксама ў пілігрымцы ў Ерузалем разам з дванаццацігадовым Езусам і Яго Маці. Гэта апошняя згадка пра святога на старонках Евангелля, з чаго можна зрабіць выснову, што неўзабаве пасля гэтага ён памёр, хоць, магчыма, проста працягваў сціпла жыць убаку, што было ўласціва яго характару.
Каментуючы Евангелле паводле святога Мацвея, святы Ян Залатавусны падкрэсліў, што святы Юзаф як «чалавек справядлівы» быў «упрыгожаны ўсімі цнотамі», таму што «справядлівасць — гэта сукупнасць цнотаў». Акрамя таго, святы Ян Залатавусны захапляецца пакорлівасцю і паслухмянасцю святога Юзафа, а таксама яго даверам Богу.
Першым месцам на Захадзе, дзе пачалі адзначаць літургічны ўспамін святога Юзафа, стаў бэнэдыктынскі кляштар Райхенаў у Германіі, дзе ў ІХ стагоддзі спыняўся святы Мятод, асветнік і евнгелізатар славянскіх плямёнаў. З таго часу днём успаміну святога Юзафа становіцца 19 сакавіка, што ў Мартыралогу падаецца як магчымы дзень яго смерці.
У Сярэднявеччы многія святыя звярталіся да асобы абранніка Багародзіцы. Надзвычай важным прыкладам для хрысціянскай пабожнасці лічыла яго вялікая рэфарматарка Кармэлю святая Тэрэза ад Езуса.

У сярэдзіне XV стагоддзя Папа Сікст IV увёў у Рымскім Касцёле свята ў гонар святога Юзафа, і паступова яго пачалі адзначаць па ўсёй Еўропе. У паўсюдным Касцёле яго зрабіў абавязковым Папа Грыгорый XVI у 1621 годзе, а пазней кармэліты атрымалі дазвол адзначаць таксама свята Апекі святога Юзафа ў Трэцюю нядзелю пасля Вялікадня.
Папа Пій ІХ зрабіў яго абавязковым для ўсіх, а ў 1870 годзе абвясціў святога Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла. У 1889 годзе Папа Леў ХІІІ выдаў энцыкліку Quamquam pluries, прысвечаную святому Юзафу.
У ХХ стагоддзі адбываецца сапраўдны росквіт культу святога Юзафа. У 1909 годзе была зацверджана Літанія да святога Юзафа, і неўзабаве пасля гэтага Папа Пій Х зрабіў 19 сакавіка ўрачыстасцю святога Юзафа — Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, вызнаўцы і апекуна паўсюднага Касцёла. Разам з тым свята Апекі святога Юзафа было перанесена на сераду пасля Трэцяй Велікоднай нядзелі, а ў 1955 годзе яго замяніў успамін святога Юзафа рамесніка, што адзначаецца 1 мая.
Папа Ян ХХІІІ у 1961 годзе абвясціў святога Юзафа апекуном Другога Ватыканскага Сабору, а праз год дадаў яго імя ў Рымскі канон — Першую Эўхарыстычную малітву. З нагоды сотай гадавіны энцыклікі Льва ХІІІ і ў духу шматвяковага культу папа Ян Павел ІІ у 1989 годзе абвясціў Апостальскую адгартацыю пра святога Юзафа пад назваю Redemptoris Custos — «Ахоўнік Адкупіцеля».
Дэкрэтам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 1 мая 2013 года ўспамін святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, быў дададзены таксама ў тэксты Другой, Трэцяй і Чацвёртай Эўхарыстычных малітваў.
Святы Юзаф быў абвешчаны апекуном Сусветнага Касцёла, а таксама з’яўляецца апекуном паміраючых, нарачоных і працаўнікоў.







