Пошук

23.01.2026 22:53   Тэкст: Віктар Уладзіміраў / Vatican News RU / Catholic.by
Фота: Shutterstock

Папа Леў XIV прывітаў членаў Федэрацыі каталіцкіх СМІ, удзельнікаў 29-й штогадовай сустрэчы, прымеркаванай да Дзён святога Францішка Сальскага, нябеснага апекуна каталіцкай прэсы.

Сустрэча на тэму «Якая адказнасць каталіцкіх медыя ў палярызаваным свеце?» праходзіць з 21 па 23 студзеня ў Люрдзе (Францыя). У праграме — моманты абмеркаванняў і малітвы, абмен вопытам, надзеямі і планамі.

Ад імя Святога Айца дзяржсакратар кардынал П'етра Паралін перадаў сардэчнае прывітанне ўдзельнікам сустрэчы, нагадваючы, што з пачатку пантыфікату Леў XIV кажа пра важнасць «непрадузятай і абяззбройваючай камунікацыі, якая дазваляе глядзець на свет без прадузятасці і з павагай да годнасці кожнага». Міру патрэбны словы, якія загойваюць раны, ствараюць адзінства там, дзе варожасць падзяляе людзей і народы. «Мы павінны сказаць рашучае "не" вайне вобразаў і слоў», — падкрэсліваецца ў пасланні.

«Перад тварам нашай эпохі, адзначанай уварваннем штучнага інтэлекту ў тым ліку і ў сферу камунікацыі, важна неадкладна вярнуцца да "довадаў сэрца", да цэнтральнай ролі добрых адносін і блізкасці да іншых, не выключаючы нікога. На гэты выклік каталіцкія медыі могуць адказаць служэннем праўдзе, прапануючы яе ўсім, нават няверуючым»,

адзначыў пантыфік.

Прафесіяналы ў галіне сацыяльнай каталіцкай камунікацыі пакліканы быць «сейбітамі добрых слоў, узмацняльнікамі галасоў, якія смела шукаюць прымірэння», пазбаўляючы сэрцы ад нянавісці і фанатызму.

«У раздробненым і палярызаваным свеце будзьце “антэнамі”, якія ўлоўліваюць і перадаюць тое, чым жывуць людзі слабыя і адрынутыя, самотныя і тыя, хто прагне спазнаць радасць любові».

У гэтым імкненні крыніцай натхнення служыць айцец Жак Амель, у гонар якога Федэрацыя каталіцкіх СМІ заснавала прэмію для журналістаў, якія займаюцца прасоўваннем міру і міжрэлігійнага дыялогу.

«Айцец Амель быў сведкам веры аж да самаахвяравання. Ён заўсёды верыў у каштоўнасць дыялогу і цярплівага ўзаемнага слухання. Айцец Амель быў перакананы ў неабходнасці быць побач з кожным, без выключэнняў. Бо каб даведацца адзін пра аднаго, трэба сустракацца, не баючыся адрозненняў, быць гатовымі змагацца за тое, кім мы з'яўляемся і ў ва што верым. Няхай яго прыклад заахвоціць вас быць шукальнікамі ісціны ў любові, якая ўсё тлумачыць, творцамі слова, якое аб'ядноўвае, камунікацыі, здольнай уз'яднаць пабітае, бальзамам на раны чалавецтва», — сказаў Папа.

Абноўлена 24.01.2026 00:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця