
Пахаванне Папы Францішка адбудзецца ў суботу 26 красавіка. Літургія распачнецца а 10.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе (11.00 па мінскім часе) на плошчы перад Базілікай Святога Пятра.
Рашэнне аб даце пахавання было прынята кардыналамі, якія прысутнічалі на першай генеральнай кангрэгацыі, скліканай пасля смерці Святога Айца. Яна адбылася раніцай 22 красавіка ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Служба папскіх літургічных цэлебрацый паведаміла, што пахавальную Імшу ўзначаліць кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Яе змогуць канцэлебраваць патрыярхі і кардыналы, арцыбіскупы, біскупы і святары.
Пасля эўхарыстычнай цэлебрацыі адбудуцца абрад і малітва апошняга развітання (Ultima commendatio і Valedictio). Затым труну з целам Пантыфіка перанясуць у Базіліку Святога Пятра, а адтуль – у Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ для пахавання.
Таксама 26 красавіка ў дзень пахавання ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца святая Імша за спачылага Папу Францішка з удзелам дыпламатычнага корпуса.
Пачатак у 15.00.
Святую Імшу папярэдзіць малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці.