Менавіта гэтая прымаўка зараз найбольш актуальная ў Івянцы. Там трывае падрыхтоўка да падзей, якіх некаторая моладзь нашага Касцёла чакае ўвесь год, — да «Музычнай майстэрні» і малітоўнай сустрэчы моладзі, якія адбудуцца з 22 па 28 ліпеня.
Напярэдадні гэтых падзей рэдакцыя нашага парталу завітала ў госці да айцоў францішканаў, каб самім убачыць, як адбываецца падрыхтоўка.
«Перш за ўсё цяпер ідзе падрыхтоўка да “Музычнай майстэрні”, якая пачынаецца 22 ліпеня і трывае да 26 ліпеня, — адказваючы на нашае пытанне, гаворыць а. Яўген Голуб OFMConv. — Яна будзе праходзіць ужо ў 17-ы раз. Яна збірае моладзь, якая хоча ўдасканаліць свае музычна-інструментальныя таленты, а таксама дапамагае рыхтавацца да малітоўнай сустрэчы моладзі, якая адбудзецца непасрэдна пасля “Майстэрні”.
Як бачна, падрыхтоўка ідзе, аднак у сувязі з тым, што адбываецца гэта ўжо ў чарговы раз, шмат рэчаў ужо паўтараецца з году ў год, таму не патрабуе вельмі вялікіх намаганняў.
План “Майстэрні” апрацаваны і ўжо нават наладжаны на працягу гісторыі яе існавання. Чакаем першых удзельнікаў, а таксама вядучых, ужо ў нядзелю.
На гэты момант зарэгістравана праз электронную рэгістрацыю 120 чалавек, аднак згодна з практыкай мінулых гадоў мы таксама падрыхтаваны да таго, што ўдзельнікаў будзе, як заўсёды, больш, чым гэтая лічба. Хтосьці не рэгістраваўся, хтосьці проста да нас тэлефанаваў, таму спадзяемся, што ўдзельнікаў “Майстэрні” будзе каля 200.
Што цікава, больш за 30 працэнтаў, паводле рэгістрацыі, — людзі, якія прыедуць на “Майстэрню” першы раз, а па ўзросце ў большасці гэта тыя, каму 15–17 або 20–22 гады».
«Цешыць, што гэтае маладое пакаленне хоча ўдасканальваць свае музычныя здольнасці, каб пазней служыць у сваіх парафіях, — дадаў святар. — Цешыць таму, што “Майстэрня” — не моладзевая “тусоўка”, а складаная і цяжкая штодзённая праца на працягу тыдня, і, нягледзячы на тое, што хлопцы і дзяўчаты ўсведамляючы гэта, яны хочуць прыехаць.
Праца гэтых маладых людзей у гэтыя дні спалучаецца з працай іншых асобаў, якія рыхтуюць мерапрыемства, а пазней вучаць і служаць усім прысутным».
«Безумоўна, за такой вялікай колькасцю людзей, якія прыязджаюць у Івянец, стаіць вялікая колькасць тых, хто прымае іх і рыхтуе ўсё гэта, — адзначыў а. Яўген. — Івянецкая парафія за столькі гадоў ужо прызвычаілася і чакае нашых летніх, як я кажу, “фестываляў”. І сапраўды, большасць працы вось такога актыву, дзейнасці на кухні і клопат пра страўнікі — гэта нашыя парафіяне, якім мы вельмі ўдзячныя.
Тым больш, што некаторыя з іх спецыяльна на гэты час бяруць частку свайго адпачынку на працы, каб быць на гэтых мерапрыемствах, рыхтаваць іх і служыць.
У гэтым годзе мы падрыхтавалі асобную кухню, і будзе магчымасць у лепшых умовах гатаваць ежу. Мы ўдзячныя групе нашых парафіян, якая гатуе, а таксама моладзі нашай парафіі, якая ўдзельнічае і служыць у якасці валанцёраў: прыбіраючы начынне, мыючы, раскладваючы сталы, збіраючы посуд і пільнуючы парадак».
Наша рэдакцыя таксама пацікавілася, колькі мяхоў бульбы спажываецца на «Майстэрні».
Адказваючы, а. Яўген сказаў, што гэта залежыць ад таго, наколькі цяжкая будзе рэпетыцыя. А таксама ў сувязі з тым, што сёлета больш дзяўчат, якія спяваюць пераважна ў сапрана і альце, шмат бульбы не пойдзе. Хаця барытоны і басы могуць у гэты момант зрабіць сюрпрыз і дапамагчы не толькі спевам, але і ў ежы. Таму кухня ўжо падрыхтавана мінімум да 7–8 мяхоў.