Пошук


Нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 г. на поўначы Італіі ў сям’і графа Барамео. У 14 гадоў распачаў вывучаць права ў Падуанскім універсітэце і пасля заканчэння вучобы атрымаў ступень доктара. Калі дзядзька Караля кардынал Медычы быў абраны Папам Піем IV, ён прызначыў свайго 22-гадовага пляменніка кардыналам-дыяканам і сваёю даверанаю асобаю, а таксама даручыў яго апецы Міланскую архідыяцэзію.

У той час Караль не меў ані тэалагічнай адукацыі, ані святарскага пасвячэння. Святаром ён стаў толькі праз 4 гады, і пазней быў афіцыйна пасвечаны ў біскупы. У 1566 г. Караль нарэшце перабраўся ў сваю дыяцэзію са сталіцай у Мілане. На працягу двух наступных дзесяцігоддзяў ён разгарнуў актыўную дзейнасць і набыў вялікі аўтарытэт у вачах духавенства і епіскапату. Караль Барамэй аддаваў усе свае сілы, узнімаючы дыяцэзію з заняпаду і ажыўляючы рэлігійнасць вернікаў: засноўваў духоўныя семінарыі, праводзіў шматлікія сіноды, падтрымліваў місіянерскую дзейнасць кляштараў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на хлебе і вадзе.

Адзін з першых ён увёў у сваёй дыяцэзіі рэформы Трыдэнцкага Сабору, даўшы прыклад разважлівага іх прымянення іншым іерархам. Знясілены самаахвярным служэннем, памёр 3 лістапада 1584 г. у Мілане, маючы толькі 46 гадоў. У яго пахаванні бралі ўдзел натоўпы вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра. Караль Барамэй быў пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сённяшняга дня. Святы з’яўляецца апекуном душпастыраў і семінарыстаў, у яго просяць паратунку ад заразы. Таварыства імя св. Караля Барамэя займаецца распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры.

Успамін 4 лістапада.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.