Пошук

26.10.2026 13:26   Catholic.by
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў касцёле ў Занявічах падае вернікам для ўшанавання рэліквіі бл. Цэліны Бажэнцкай. Фота: кс. Руслан Мазан

«Усё магчыма, калі гэтага захоча Бог», — у такіх простых словах благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая (1833–1913), законніца, заснавальніца супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак, выказала і сваю вялікую любоў, і бязмежны давер да Яго. Гэтыя словы можна лічыць дэвізам яе асабістага жыцця, а таксама запаветам для яе родных і духоўных дачок. Так, у яе былі і родныя, і духоўныя дзеці, і ўсе яны былі вельмі дарагія ёй.

Надзвычай багатае на падзеі, на пакручастыя павароты лёсу было жыццё гэтай мужнай жанчыны, дачкі двух народаў — польскага і беларускага. Яна нарадзілася ў Антовілі, блізу Оршы, у сям’і паноў Хлюдзінскіх. Марыла пра законніцкае жыццё і гэтыя мары давярала Маці Божай Вастрабрамскай, на паклон да якой часта ездзіла ў Вільню. А бацькі бачылі яе будучыню ў сужэнстве. Падпарадкавалася іх волі, у якой з дапамогаю спаведніка расчытала і Божую. Яе мужам стаў заможны, высакародны Юзаф Бажэнцкі, ад якога Цэліна нарадзіла чацвёра дзяцей. Двое з іх памерлі ў маленстве, а дзве дачкі выраслі, і адна з іх — Ядвіга — стала пасля смерці Юзафа Бажэнцкага спадзвіжніцай матчынага духоўнага подзвігу.

А можа, пачаткі гэтага подзвігу закладваліся ўжо тады, калі Цэліна Бажэнцкая разам з маленькай дачкой Ядвігай на руках трапіла ў гарадзенскую турму за дапамогу паўстанцам 1863 года? А можа пазней, калі яна разам ужо з дарослай Ядвігай засноўвала ў Рыме новую жаночую манаскую Кангрэгацыю Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста? Часта гэтых сясцёр называюць проста — змёртвыхпаўстанкамі. Разам маці з дачкой заснавалі гэтую супольнасць, якая афіцыйна была зацверджана Касцёлам 6 студзеня 1891 года. Разам яны клапатліва даглядалі першыя яе ўсходы — першыя пакліканні. Разам радаваліся першым поспехам.

Пан Бог забраў да сябе Ядвігу нечакана. Яна памерла маладой і, здавалася, поўнай сілаў тады, калі яе парада, падтрымка і проста штодзённая праца былі так патрэбныя і маці Цэліне, і маладой супольнасці. Як жа цяжка было Цэліне прыняць смерць дачкі! Але прыняла. І наноў літаральна ўразіла сваіх духоўных дачок мужнасцю і поўным падпарадкаваннем Божай волі. «Богу за ўсё дзякую, і за страшны крыж таксама. Панясу яго, каб толькі гэта асвяціла і ўдасканаліла супольнасць».

Цэліна Бажэнцкая здзіўляла і захапляла многіх пры жыцці. Не перастае яна гэта рабіць і пасля свайго адыходу ў вечнасць. Шырока вядомы ў Польшчы, а цяпер ўжо і ў Беларусі з публікацый часопіса «Ave Maria» цуд аздараўлення Андрэя Мэхэжынскага, якому пасля цяжкай траўмы на трэніроўках па альпінізме дактары прарочылі сумную будучыню, не можа не захапляць нашых сучаснікаў. Гэты цуд імклівага аздараўлення насуперак медыцынскай суровай логіцы стаў тэмай многіх публікацый у прэсе, на гэтую тэму зроблены не адзін тэлевізійны сюжэт.

Сучаснаму рацыяналістычнаму чалавеку цяжка верыць у цуды. Калі ж глядзіш на спартсмена, чэмпіёна Польшчы па альпінізме, а ён стаў ім ужо пасля цяжкай траўмы, калі размаўляеш з ім, гэты недавер рассейваецца, як дым.

Ірына Жарнасек
Часопіс Ave Maria №11(176) 2009

Абноўлена 26.10.2026 13:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.