Нарадзіўся каля 1225 г. у Аквіне (Італія). Бацькі аддалі яго на выхаванне да айцоў бенедыктынцаў у Монтэ Касіна, пасля чаго вучыўся ў Неапалі. Уступіў у закон дамініканцаў і працягнуў вучобу ў Парыжы і Кёльне. Выкладаў філасофію і тэалогію. Лічыцца найбольшым каталіцкім тэолагам, за што яго назвалі «анёльскім доктарам». Акрамя самага вядомага твору «Сума тэалогіі», пакінуў таксама шмат іншых прац і паэтычных твораў.
Св. Тамаш аддзяляў навуку ад веры, але лічыў, што філасофія мае дапаможную ролю ў адносінах да тэалогіі, бо яна рыхтуе да веры і яе абараняе. Паводле яго вучэння, праўды, якія Бог аб’явіў у Пісанні, вышэй за чалавечы розум, але не супярэчаць яму. Тэалогія і філасофія св. Тамаша з’яўляюцца адлюстраваннем хрысціянскага аптымізму: хоць мы пакінулі лад і гармонію, якія панавалі ў свеце, створаным Богам, аднак зло не змагло ні знішчыць, ні змяніць прыроду. Св. Тамаш стаў заснавальнікам найбольш вядомага кірунку ў сярэднявечнай схаластыцы — тамізму. Памёр 7 сакавіка 1274 г. у цыстэрцыянскім абацтве ў Фасанове, з’яўляецца апекуном студэнтаў і тэолагаў. Яго імем названа міждыяцэзіяльная духоўная семінарыя ў Пінску.