Пра гэтага святога захавалася вельмі мала звестак. Ён быў біскупам у італьянскім горадзе Тэрні, дзе каля 268 г. прыняў мучаніцкую смерць, пра акалічнасці якой нічога не вядома. Рэліквіі святога да сённяшняга дня знаходзяцца ў Тэрні, а таксама ў адным з парафіяльных касцёлаў у Баварыі. Ужо ў V ст. успамін св. Валянціна адзначаўся 14 лютага.
З яго імем звязана шырока распаўсюджаная ў многіх краінах традыцыя «валянцінак», т. зв. «свята закаханых». Святы лічыцца апекуном добрага сужэнства; яго заступніцтва просяць таксама пры эпілепсіі і пры частых стратах прытомнасці. На абразах яго малююць як біскупа, часцей за ўсё ў атачэнні калекаў, эпілептыкаў або з пеўнем.