Штогод 14 лютага святы Валянцін збірае ў невялікім утульным касцёльчыку ў мястэчку Смалявічы тутэйшых вернікаў і гасцей.
Сёлетнюю ўрачыстасць узначаліў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец OP.
У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі іерарх падкрэсліў, што сапраўды шчаслівы чалавек, які пазнае Бога і шукае Яго, і прыкладам гэтага з’яўляецца апякун парафіі ў Смалявічах святы Валянцін.
Напрыканцы Імшы вернікі парафіі выказалі шчырую падзяку біскупу Казіміру за яго прысутнасць і скіраванае слова, а таксама ўсім святарам, якія прыбылі, каб падзяліць радасць гэтай урачыстасці.
Пробашч смалявіцкай парафіі брат Сяргей Мацюшонак OFMCap запрасіў усіх прыязджаць яшчэ і выказаў надзею, што з часам парафія пабудуе большую святыню, бо і сам горад расце, і можна будзе прыняць больш гасцей. Думку падхапіў прысутны на свяце старшыня Смалявіцкага райвыканкама Андрэй Ратомскі:
«Задачу я зразумеў. Будзем разам працаваць над гэтым», — сказаў кіраўнік раёна.
Пасля святой Імшы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам вернікі звярнуліся да святога Валянціна словамі літаніі, даручаючы яго заступніцтву парафію і нашу Радзіму Беларусь.