Пошук


Эдыта Штайн нарадзілася 12 кастрычніка 1891 г. у жыдоўскай сям’і ў Вроцлаве. Яе бацька памёр, калі Эдыце было толькі два гады. Маці выхоўвала дзевяцерых дзяцей у жыдоўскай традыцыі, але ў 14 гадоў Эдыта лічыла сябе атэісткай. Атрымаўшы атэстат сталасці, яна паступіла ва універсітэт і пачала вывучаць філасофію. Пасля абароны дысертацыі Эдыта працавала ў Фрыбургу асістэнткай вядомага фенаменолага Эдмунда Гусерля.


Аднойчы яна была моцна ўражана незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар на карысць Хрыста ёй дапамог жыццяпіс св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы які, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. У 1934 г. яна ўступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне, нягледзячы на пачуццё віны перад маці, якая намагалася стрымаць яе ад гэтага кроку. Эдыта прыняла ў ордэне імя Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа.

Пасля смерці маці па прыкладзе Эдыты яе сястра Ружа таксама ахрысцілася і ўступіла ў кляштар. Калі нацысты пачалі барацьбу за «расавую чысціню», Эдыта з сястрою перабраліся ў кармеліцкі кляштар у Галандыю, каб не ствараць праблемаў для сясцёр у Кёльне, але і там неўзабаве пачалася «чыстка». Сясцёр Штайн арышта- валі і адправілі ў Асвенцім, дзе яны і загінулі ў газавай камеры 9 жніўня 1942 г. Кармелітка, філосаф і мучаніца Эдыта Штайн была ў 1998 г. кананізаваная Папам Янам Паўлам ІІ, які абвясціў яе апякункаю Еўропы.

Успамін 9 жніўня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа