Пошук


Святая Ганна, маці Дзевы Марыі, паходзіла з бэтлеемскай святарскай сям’і. Яўрэйскае імя «Ганна» азначае «ласка», «міласэрнасць». Святы Яўхім, бацька Багародзіцы, верагодна, быў родам з Галілеі і паходзіў з багатай і шляхетнай сям’і. Само яго імя несла прароцкі сэнс, бо азначала «падрыхтоўка для Пана». Памёр святы Яўхім, калі Марыя была яшчэ дзіцем. Разам са св. Ганнай ён з’яўляецца заступнікам сужэнскіх пар.

Ушанаванне святых Яўхіма і Ганны распаўсюджана ва ўсім Касцёле, як на Усходзе, так і на Захадзе. Па меры таго, як распаўсюджваўся культ Маці Божай, узрастала таксама паўсюднае шанаванне Яе бацькоў. Ужо ў IV–V стст. у Ерузалеме, ля былой купальні Віфезда, была пабудавана капліца, прысвечаная святым Яўхіму і Ганне. Тут нават, згодна з паданнем, павінна размяшчацца іх грабніца. Іншым месцам іх пахавання лічаць Алейную гару.

Асаблівай пашанай была заўсёды агорнута св. Ганна. Яе культ быў і застаецца дагэтуль вельмі жывым. Імператар Юстыніян пабудаваў у Канстанцінопалі прыкладна ў 550 г. базыліку ў гонар св. Ганны. Таксама ў яе гонар паўстала 5 жаночых манаскіх ордэнаў. У старажытнай літургіі св. Ганне прысвячалася 118 гімнаў і 36 секвенцый (XIV–XVI стст.)

Літургічнае шанаванне бацькоў Найсвяцейшай Дзевы Марыі ўзнікла спачатку на Усходзе. Свята ўвёў у 710 г. імператар Юстыніян II пад назвай «Зачацце св. Ганны». Яно адзначалася ў розныя дні альбо разам са святам св. Яўхіма. На Захадзе яно стала адзначацца пазней. У Неапалі свята вядомае з Х ст.

Папа Урбан VI у буле «Splendor æternæ gloriæ» ад 21 чэрвеня 1378 г. дазволіў спраўляць гэтае свята ў Англіі. Папа Юлій II у 1522 г. распаўсюдзіў яго на ўвесь Касцёл і прызначыў яго датай 20 сакавіка. Аднак папа Павел V у 1568 адмяніў гэтае свята, спаслаўшыся на тое, што пра бацькоў Багародзіцы нічога не паведамляецца ў кнігах Святога Пісання. Тым не менш, перамагло меркаванне, што гэтыя бацькі існавалі і што ім належыць асаблівая пашана. Таму папа Рыгор XIII аднавіў свята (1584) і прызначыў для яго дзень 26 ліпеня. Папа св. Пій X у 1911 г. увёў асобнае свята св. Яўхіма, прызначыўшы яго на 16 жніўня. Свята св. Ганны працягвала адзначацца 26 ліпеня. Але літургічная рэформа 1969 г. зноў злучыла разам іх імёны ў дзень 26 ліпеня.

Вікторыя Колзун

Успамін 26 ліпеня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.