Быў адным з сямі святароў, скіраваных з Рыма для заснавання Касцёла ў Галіі (Францыя). Дыянісій стаў першым біскупам Парыжа. Праявіў сябе як адданы пастыр, які пашыраў веру і засноўваў шматлікія касцёлы, сярод якіх святыні ў Шартры і Парыжы. Падчас пераследу пры імператары Валяр’яне ў 258 г. быў забіты праз адсячэнне галавы. Гэта здарылася на пагорку за горадам, які з таго часу стаў называцца Манмартр (ад лац. Mons Martyrum — Гара мучанікаў).
Паводле легенды, Дыянісій узяў сваю адсечаную галаву і сам занёс яе на месца пахавання. Яго парэшткі да гэтага часу спачываюць у пабудаванай у VII ст. катэдры Сэн-Дэні ў Парыжы, дзе пахавана таксама большасць французскіх каралёў. Святы Дыянісій з’яўляецца апекуном стралкоў; яго дапамогі просяць пры болю галавы, сабачых укусах і пры шаленстве.