«Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою»
Дарагія браты і сёстры!
Сёння мы з вамі пачулі вельмі вядомы ўрывак з Евангелля паводле Лукі. Класічная прыпавесць, вядомая, хіба, ва ўсім свеце, якую можна назваць прыпавесцю пра марнатраўнага сына, ці пра двух марнатраўных сыноў, або прыпавесцю пра міласэрнага айца.
Нас могуць здзіўляць розныя назвы гэтай прыпавесці, аднак, нягледзячы на такую багатую разнастайнасць усіх гэтых назваў, ёсць тое, што іх злучае. І, як вы ўжо здагадаліся, злучае іх тэма прабачэння. Таму хачу сёння разам з вамі засяродзіцца менавіта на тэме прабачэння і паразважаць, наколькі гэта важная і актуальная для кожнага з нас тэма. Давайце прыгледзімся бліжэй да сённяшняга Евангелля.
Малодшы сын. Здаецца, ён нават і не пакрыўдзіў свайго айца, магчыма, яго рашэнне было толькі злёгку паспешлівым. Ён узяў тую частку маёмасці, якая яму належала, і належала па праву. І на першы погляд нам будзе здавацца, што ўсё ў параду: чаму ж не ўзяць тое, што мне належыць? Аднак гэты смелы ўчынак малодшага сына, яго раптоўны адыход з бацькоўскага дома, сам факт гэтага адыходу па сваёй сутнасці глыбока кранае бацькоўскае сэрца. Бацька моцна перажывае адыход свайго сына.
Што паўплывала на гэты адыход? Цяжка сказаць, прычын магло быць шмат. Магчыма, сын згубіў давер да свайго айца, або захацеў адчуць сябе цалкам незалежным, або штосьці іншае... Якой бы ні была прычына, вынік яе наступны: сын пакідае бацькоўскі дом і ідзе ў далёкую краіну. Ён цалкам даверыўся сваім сілам і магчымасцям. Як кажуць, стаў на свае ногі.
Напэўна, думаў ён, я дарослы, сталы і адэкватны чалавек, хачу жыць сваім жыццём, навошта мне бацька пад бокам, навошта мне яго натацыі ды «мудрыя» парады. Я ўжо вырас і магу сам аб сабе паклапаціцца.
Такім чынам, малодшы сын паставіў сваю свабоду і сваё маладое прыгодніцкае жыццё вышэй за сыноўнюю любоў да бацькі.
І тут ён зрабіў вельмі вялікую памылку, пра вынік якой нам далей распавядае прыпавесць.
Дарагія, калі мы правядзем паралель паміж гэтай прыпавесцю і нашым жыццём, то, я перакананы, можам убачыць вельмі шмат падобнага. Вось паглядзіце. Кожны грэх, які мы ўчынілі, робіць з нас марнатраўнага сына або марнатраўную дачку. Мы забіраем з сабою духоўныя плёны, якія ёсць у нашых сэрцах, бо нам іх шчодра дае Бог, і адыходзім з гэтымі дарамі і духоўнымі плёнамі далёка ад Бога.
А калі мы ад Яго далёка, то раней ці пазней гэты духоўны патэнцыял пачне ў нас заканчвацца і нашая духоўная маёмасць будзе знікаць яшчэ хутчэй, чым энергія ў мабільніках, якія даўно не былі на падзарадцы. І што тады? Мы адчуем голад. Так, як яго адчуў малодшы сын. Бо мы застанемся сам-насам з нашымі клопатамі і праблемамі, толькі сіл на іх вырашэнне ў нас ужо не будзе.
Давайце прыгледзімся да асобы айца з сённяшняй прыпавесці. Айцец, паводле слоў Езуса, любіць свайго сына. Зрэшты, з прыпавесці вынікае, што сваіх сыноў ён любіць аднолькава. Няма такога, што адзін любімец і фаварыт, а другі ніхто.
Айцец вельмі цэніць свабоду свайго малодшага сына. Заўважце, ён мог бы не пусціць яго ў далёкі край, але паколькі той рашуча настаяў, то айцец яму ўступіў.
Бяры, сынок, тое, што тваё, і, калі сапраўды гэтага хочаш, хочаш самастойнага жыцця далёка ад мяне, то ідзі, я цябе не трымаю. Але хачу сказаць, што вельмі цябе люблю і не хачу, каб ты мяне пакідаў. Але ёсць як ёсць. Хачу, каб у будучыні ты з гэтага меў урок мудрасці. Хачу, каб гэты твой адыход чамусьці цябе навучыў.
Ці не падобна, дарагія браты і сёстры, ёсць у нашым жыцці? Тое ж самае адбываецца. Бог не трымае нас пры сабе сілай. Ён паказвае нам, што ёсць дабро, што ёсць зло, і заклікае, каб мы выбіралі дабро. Бо дзеля дабра мы створаныя. Але да такога выбару Бог нас не змушае. Мы самастойна выбіраем. Вынік гэтага бывае розны. Калі наследуем малодшага сына, то адназначна спачатку аддаляемся ад Бога, але заўсёды ёсць шанц вярнуцца. Калі мы наследуем старэйшага сына, то спачатку, поўныя эгаізму, не жадаем слухаць Бога, а затым перад намі выбар: прыняць запрашэнне айца ці так і застацца самалюбным эгаістам, стоячы ля парога свайго дома і не жадаючы ўвайсці.
Заўважце, калі ласка, яшчэ адзін момант: айцец не робіць прэтэнзій свайму малодшаму сыну, калі той вярнуўся. Сын пакаштаваў самастойнага жыцця, хлябнуў гора, і што з гэтага выйшла? Колькі наймітаў працуе ў майго айца, і ўсе яны маюць удосталь хлеба. Збяруся ж і пайду да свайго айца, схілю перад ім галаву і скажу, што я зграшыў супраць неба і перад табою і няварты ўжо называцца тваім сынам.
І якую бачым рэакцыю бацькі? Ён кажа сваім слугам, не стрымліваючы хвалявання: прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў памерлы і ажыў, прапаў і знайшоўся.
Мае дарагія! Напэўна, добры Бог адчувае вялікую радасць, калі грэшны і слабы чалавек вяртаецца да Яго. Малодшы сын — гэта ўзор сапраўднага навяртання для кожнага з нас: ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою! Міласэрны айцец, адпускаючы малодшага сына, насамрэч аддаў яму не толькі належную частку маёмасці.
Маёмасць — гэта толькі тое, што па праву належала яго сыну. Разам з ёю айцец даў нешта большае, а менавіта сваё сэрца, сваю бацькоўскую прыхільнасць і любоў.
Толькі малодшы сын не адразу гэта зразумеў, ён узяў толькі тое, што бралася: матэрыяльныя каштоўнасці, спадчыну, а любоў бацькі спазнаў пазней, калі прыціснула гора. Айцец увесь час яго чакаў, бо калі той вяртаўся, айцец выйшаў яму насустрач, калі сын быў яшчэ далёка ад дома.
Ці не так адбываецца ў нашым жыцці, умілаваныя браты і сёстры? Міласэрны Айцец выходзіць насустрач нам, калі мы яшчэ толькі ўваходзім на дарогу навяртання. Калі толькі пачынаем думаць аб паяднанні з Богам. Ён, Бог, ужо выходзіць нам насустрач. А сваім анёлам загадвае, каб апранулі нас вопраткай Божай ласкі, каб далі нам пярсцёнак годнасці Божых дзяцей.
Мае дарагія! Кожны грэшнік, які навяртаецца, перажывае ўсё тое самае, што марнатраўны сын. Кожны з нас можа адкрыць, што Божыя дары, ды і ўсё тое, што мы можам атрымаць ад Бога, можна таксама хутка згубіць, але ніколі не згубім Божай любові. Ніколі наш грэх не зменіць меркаванне Бога — міласэрнага Айца — да нас, марнатраўных дзяцей. І шлях вяртання ў родны дом у кожнага з нас ёсць заўсёды.
Няважна, у якім мы стане, няважна, які статак пасвім у далёкай краіне. Важна, што заўсёды можам вярнуцца да Айца, які нас любіць, які нас цярпліва чакае, нягледзячы на ўсе нашыя правіны.
Навяртанне — гэта мудрасць, адзін са шматлікіх дароў Духа Святога. Мудрасць, якая адкрывае незнішчальную сілу Божай любові.
Мы, людзі, можам згубіць ахвоту адносна іншага чалавека, можам махнуць на яго рукою, кажучы: не будзе з яго толку. Але не Бог. Ён ніколі, ніколі не махне на нас рукою. Мы заўсёды маем шанц, каб перажыць глыбокае навяртанне — перамяненне ў сваім жыцці. Няпраўда, што людзі не змяняюцца. А што немагчыма ў людзей, магчыма ў Бога. Бо ў Яго няма нічога немагчымага.
Моц Божай любові заключаецца ў прабачэнні. Гэтаму прабачэнню Ён жадае нас навучыць. Бо як жа часта мы падобныя да старэйшага сына, які не хацеў прабачыць свайму брату! Паглядзіце. У такой неспакойнай дыскусіі са сваім айцом старэйшы сын не называе малодшага сваім братам, але робіць айцу прэтэнзіі, кажучы: калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць. У сваім гневе старэйшы сын перастаў лічыць яго сваім братам.
А як у нас? Мы прыходзім на споведзь, каб прасіць чаго? Божага прабачэння. Прыходзім да канфесіянала, каб паяднацца з Богам. А калі адыходзім ад канфесіянала, ці здольныя мы прабачаць нашым бліжнім? Вось пытанне.
Трэба мець вялікае сэрца і па-сапраўднаму ўмець любіць, каб прыняць іншага чалавека з яго слабасцямі і недасканаласцямі.
І нават калі гэты чалавек цалкам вінаваты ў сваім няшчасці, усё роўна, калі просіць прабачэння, належыць яму прабачыць. Так, як учыніў міласэрны айцец. Менавіта такога вялікага сэрца не хапіла старэйшаму брату.
Дарагія браты і сёстры! Сённяшняя евангельская прыпавесць кажа нам пра любоў Бога і ў цэнтр гэтай любові ставіць прабачэнне. Гэтая любоў у прамым сэнсе змушае Бога чакаць нас. Таксама прыпавесць нам нагадвае праўду аб тым, што хутчэй Бог прабачыць чалавеку, чым іншыя людзі, нават найбліжэйшыя. А з найбліжэйшымі бывае вельмі па-рознаму. Зрэшты, гэта вы ўсе добра ведаеце.
Уменне прабачаць я б назваў своеасаблівым майсэрствам, і авалодаць ім можна толькі тады, калі мы ўвойдзем у стан айца, які прабачае з любові, паставім сябе на яго месца. Толькі тады мы здольныя да прабачэння, калі можам прыняць іншага чалавека. А гэтаму, мае дарагія, трэба вучыцца кожны дзень. Я ўпэўнены, што нагодаў да падобнага кшталту навукі ў сваім жыцці кожны з нас мае больш чым дастаткова.
Няхай час Вялікага посту, які мы з вамі зараз перажываем, стане для нас спрыяльным і асаблівым часам вяртання шматлікіх марнатраўных сыноў і дачок.
І кожны з нас без выключэння мае магчымасць вярнуцца да міласэрнага і любячага Айца, каб атрымаць прабачэнне. Але Вялікі пост — гэта таксама час на ўзаемнае прабачэнне. Калі Бог прабачыў твайму брату, чаму ты не можаш прабачыць? Амэн.