Пошук

08.12.2018 08:51   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

Божае слова, асабліва ў гэты літургічны перыяд, запрашае нас да асаблівага чування, каб мы больш свядома перажывалі не толькі цяперашні час Адвэнту, але і нашае хрысціянскае жыццё наогул. Каб мы з большай сілай аднавілі ў сабе прагненне і мэту, да якой крочым.

«Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму, і кожнае цела ўбачыць Божае збаўленне»

Дарагія браты і сёстры!

Гэты заклік Яна Хрысціцеля скіраваны сёння да нас і асабліва актуальны на дарозе нашага навяртання, у гэты час Адвэнту, які перажываем.

Калі паглядзець на нашае жыццё, то яно падобна да дарогі, па якой мы ідзём да пэўнай мэты. Мэта павінна быць заўсёды, бо калі яе няма, губляе сэнс уся нашая вандроўка. У кожнага розны адрэзак дарогі, але мэта аднолькавая. Ёсць, канешне, шмат іншых мэтаў, якія мы ставім, ідучы па гэтай дарозе, але самую галоўную мэту нам паставіў Езус Хрыстус.

Мэта веруючага хрысціяніна — вечнае збаўленне. І вось менавіта да гэтай мэты мы імкнёмся. Часам у нас лепш атрымоўваецца імкнуцца да гэтай мэты, часам горш. Прыходзіцца змагацца з уласнай лянотай, абыякавасцю ці стомленасцю, каб крочыць з радасцю, з энтузіязмам, бадзёра і лёгка. Так адбываецца ў жыцці больш-менш кожнага з нас.

Як заахвочванне да нашай жыццёвай вандроўкі мы сёння чуем словы прарока Ісаі, якія неаднойчы паўтараў у сваіх прамовах Ян Хрысціцель, а сёння гэтыя словы дакранаюцца і да нашых сэрцаў: «Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю. І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне».

Божае слова, асабліва ў гэты літургічны перыяд, запрашае нас да асаблівага чування, каб мы больш свядома перажывалі не толькі цяперашні час Адвэнту, але і нашае хрысціянскае жыццё наогул. Каб мы з большай сілай аднавілі ў сабе прагненне і мэту, да якой крочым. Бо вельмі часта мы, пагружаныя ў мітусню і жыццёвыя справы, забываем пра галоўнае, а засяроджваемся на зямным і прамінальным. І таму бывае вельмі цяжка адарваць сябе ад розных залежнасцяў і ўпадабанняў, якія насамрэч не прыносяць нам ніякай карысці, а наадварот у асобных выпадках з’яўляюцца вельмі шкоднымі і небяспечнымі.

Дарагія! Як жа лёгка на гэтай дарозе жыцця згубіць правільны напрамак ці арыенцір. Колькі ворагаў ды злачынцаў падсцерагае нас, дастаткова нам толькі трошкі сысці з галоўнай дарогі ўправа або ўлева. Канешне, на нашай дарозе вельмі шмат узгоркаў, як і далінаў, і, можа, на нейкі перыяд мы аказваемся пазбаўленыя святла на сваім шляху, аднак дзякуючы веры мы здольныя крочыць нават праз цемру нашага жыццёвага досведу. І нашая моцная жывая вера, па Божай міласці, дапаможа нам зраўняць кожны пагорак, засыпаць усялякую даліну, зрабіць наш жыццёвы шлях простым, нягледзячы на тое, што жыццё само па сабе не з’яўляецца простым.

Час Адвэнту, які мы зараз перажываем, — гэта чарговая нагода, каб моцна даверыцца Хрысту, які нас вядзе па дарозе жыцця. Нам варта яшчэ раз зразумець, што на жыццёвай дарозе мы ніколі не знаходзімся адны. Можа, у нейкі няпросты момант нам і здаецца, што мы апынуліся пакінутымі, але гэта не так. Бог са сваёй ласкай заўсёды побач і вядзе нас, нягледзячы на тое, што мы часам гэтага не адчуваем або не разумеем. Таму Бог праз сваё Слова жадае нас пераканаць у тым, што Ён да нас не абыякавы, што Ён дае святло, якое для нас з’яўляецца арыенцірам у цемры жыцця. Што Ён блізка да нас, побач з намі, калі нам здаецца, што цемра ахутала нас з усіх бакоў.

Для кожнага чакання характэрныя цярплівасць і мэта гэтага чакання. Калі чагосьці з гэтага не стае, чаканне становіцца чымсьці цяжкім, невыносным, а нават губляе сэнс. Дык вось, мае дарагія: адвэнтавае чаканне — гэта вялікая міласць Бога, скіраваная для нас, якія зараз трываем у чаканні, каб мы ў гэты час набраліся цярплівасці і аднавілі прагненне імкнуцца да мэты, якую перад кожным з нас паставіў Хрыстус.

Святы апостал Павел у Пасланні да Філіпянаў, фрагмент якога мы сёння пачулі, сваім уласным прыкладам заахвочвае нас да малітвы, бо праз яе мы ўдзельнічаем у абвяшчэнні Евангелля, таксама праз гэтую ж малітву ў нашых сэрцах Бог даў пачатак добрай справе і жадае яе завяршыць. Мае дарагія, гэта вельмі лагічна: калі ёсць А, то павінна быць і Б. Калі ёсць пачатак, то павінна быць і заканчэнне.

Вельмі важна, як адзначае апостал Павел, каб у нашых сэрцах узрастала любоў, зрэшты, нашае чаканне накіравана перш за ўсё на тое, каб мы, імкнучыся да мэты, памножылі цноту любові: «Каб любоў вашая яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні, каб вы пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста, напоўненымі пладамі справядлівасці праз Езуса Хрыста, на славу і хвалу Божую».

Умілаваныя браты і сёстры! Няхай пачутае намі сёння Божае слова заахвоціць нас да перамены жыцця, бо навяртанне патрэбнае кожнаму і ў кожны час. Нашая пілігрымка да вечнасці, нашае жыццё будзе зусім па-іншаму перажывацца, калі для нас будзе важная не толькі колькасць пражытых дзён, але і якасць іх перажывання.

У жыцці нас могуць сустрэць розныя выпрабаванні, часамі яны ўзнікаюць так хутка, што мы за імі не паспяваем. Самае галоўнае, мае дарагія, каб ва ўсім гэтым мы не згубілі з вачэй Езуса Хрыста і Яго прысутнасць у нашым жыцці. Часам, па-чалавечы кажучы, трэба ісці на рызыку, дазволіць, каб нас вяла Божая ласка, калі мы не бачым ані святла, ані нават дарогі. Таму, калі мы адпаведна падрыхтуем дарогу Пану, то Ён умацуе нас на нашай жыццёвай дарозе і дапаможа, каб нашае адвэнтавае чаканне, даўжынёй з жыццё, было радасным спатканнем прыходзячага Пана ў славе Ягонай. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця