Пошук

07.07.2018 08:59   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі?»

Дарагія браты і сёстры!

Чытаючы Евангелле паводле Марка, мы можам даведацца, кім быў Езус для Бога Айца, для Яна Хрысціцеля, для нячыстых духаў, для жанчыны, якая цярпела на крывацёк, для сотніка, які стаяў пад крыжам, і г.д. Для жыхароў Назарэта – паводле Марка – Езус быў цесляром. Толькі так большасць тых людзей Яго ўспрымала. Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, – казалі яны. Іх вельмі здзіўлялі цуды, якія чыніў Езус. А ведаеце, што ў гэтым усім здзіўляла Езуса? Яго здзіўлялі іх недавер і сумніў, менавіта таму Ён казаў: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім».

У сённяшнім урыўку з Евангелля святы Марк выдатна фармулюе адказ на пытанне: кім з’яўляецца Езус? У сваіх паслядоўных запісах Марк Евангеліст крок за крокам адкрывае нам таямніцу Хрыста.

Езус, калі выхоўваўся ў коле сваіх блізкіх, дзелячы лёс сваіх равеснікаў, нічым не адрозніваўся ад іншых хлопцаў з Назарэта. Ён проста быу адным з жыхароў гэтага невялікага мястэчка. А калі і звярнуў на сябе ўвагу, то толькі тады, калі Яму споўнілася трыццаць гадоў. Ён не шукаў жонкі, не імкнуўся закладваць сямейнае вогнішча. Аднак быў вядомым у Назарэце цесляром. Цясляр – менавіта так часта называлі Езуса Яго землякі, якім чамусьці цяжка было Яму паверыць. Таму вельмі складана Езусу было ўчыніць які-небудзь цуд, з-за іх бязвер’я.

Напэўна, за гады працы ў майстэрні Езус шмат зрабіў рознага роду вырабаў: дзвярэй, крэслаў, сталоў і г.д. Шкада, што не засталося памяткі для нас, веруючых. Наогул, у жыхароў мястэчка Назарэт было шмат рэчаў, зробленых Езусам, бо Ён працаваў на працягу больш-менш як пятнаццаці гадоў. Да нашых часоў не дайшлі гэтыя каштоўныя рэчы. Але, нягледзячы на гэта, мы маем значна большы дар. Вячэрнік, дзе святар бярэ ў свае рукі хлеб і віно і сам Хрыстус праз вусны святара прамаўляе словы: «Бярыце і ешце, гэта ёсць Цела Маё».

Дарагія! Нам варта ўсвядоміць, што добрую палову жыцця Езус правёў на працы, будучы цесляром. Існуе шмат людзей, якія Яго асабліва ў гэтай справе могуць выдатна наследаваць. Святарскае пакліканне – гэта пэўнае выключэнне, але таксама належыць да наследавання, якое паказвае Езус праз сваё жыццё.

Кожны з нас можа выдатна ўявіць, як Божы Сын доўгія гадзіны праводзіў у майстэрні, апрацоўваючы нялёгкі матэрыял, якім з’яўляецца дрэва. Канешне, калі б мы прыйшлі ў Яго майстэрню і ўбачылі Езуса падчас працы, то нашая рэакцыя была б такой: мы забралі б у Яго інструменты, а Яго самога ўсімі сіламі выцягнулі б адтуль. Бо, каб зрабіць дзверы ці стол, не абавязкова быць Божым Сынам. Гэтую працу можа выканаць кожны добры сталяр. Такая праца не зусім адпавядае Божай годнасці – так мы можам разважаць.

Але ж не! Гэта не зусім так. Мы звыкліся толькі святкаваць з Богам, тады як Ён хоча з намі працаваць. І замест таго, каб адцягваць Яго ад працы, лепш запытацца, чым я магу Яму дапамагчы.

І яшчэ! Варта радавацца з нагоды таго, што ў Божай майстэрні мы можам шмат чаму карыснаму навучыцца. Праз гэтую працу мы праслаўляем Творцу, у якім знаходзім сябе і бліжніх.

Дарагія браты і сёстры! Калі хрысціянін не спаткаецца з Езусам у Яго сталярскай майстэрні, не правядзе з Ім некалькі гадоў працы, ніколі да канца не адкрые, наколькі праўда жыцця чалавека цесна звязана з евангельскай праўдаю. Публічнае навучанне, абвяшчэнне Божага Валадарства, якое здзяйсняў Езус Хрыстус, трывала ў цэлым тры гады і, канешне, было вельмі цесна звязана з яго рамяством, якое Езус пераняў у святога Юзафа.

Гэта цудоўна разумелі апосталы і вучні. Пасля ўваскрасення Езуса яны працягвалі працаваць, ловячы рыбу на возеры. А апостал Павел ніколі не развітваўся са сваім рамяством, шыючы намёты.

Евангелле можа нам прынесці багаты духоўны плён у тым выпадку, калі злучана з жыццём, з працаю, з канкрэтнай дзейнасцю чалавека. Бо калі гэтага не будзе, прынцыпы Евангелля застануцца толькі прыгожымі словамі, якія выдатна гучаць, але не прымяняюцца ў жыцці. А калі не прымяняюцца, то праўда Евангелля застанецца толькі правілам і не больш за тое. А паколькі Евангелле жывое і дзейснае, то кожнаму з нас, дарагія браты і сёстры, варта ўважліва прыслухацца да Божага слова і старацца тое, што чуем, верна выконваць у нашым жыцці кожны дзень. Так, як гэта рабіў Настаўнік з Назарэта. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.